БХК патрабуе прызнаць выбары несапраўднымі


Спіс парушэнняў заканадаўства, зафіксаваных падчас прэзідэнцкай кампаніі, займае 24 старонкі.

Беларускі Хельсінкскі камітэт падаў скаргу ў Вярхоўны суд аб прызнанні выбараў прэзідэнта несапраўднымі. Як паведаміў “Белсату” старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла, патрабаванне грунтуецца на выніках нацыянальнага маніторынгу правядзення выбараў.

Зафіксаваныя факты сведчаць, што груба парушалася нацыянальнае заканадаўства і міжнародныя прававыя нормы пры фармаванні тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў, зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў на прэзідэнта, асвятленні выбараў у СМІ і агітацыі, датэрміновым галасаванні ды ў асноўны дзень выбараў.

Спадар Паганяйла распавёў, што раней скаргу накіравалі ў Цэнтральную выбарчую камісію, але там яе фактычна праігнаравалі. “Наш зварот ЦВК мусіла разгледзець у калегіяльным складзе, аднак замест гэтага Лідзія Ярмошына даслала фармальны адказ, у якім не абвержаны ні адзін з прыведзеных намі фактаў парушэнняў”, — абураецца прадстаўнік БХК.

На тое, што Вярхоўны суд задаволіць скаргу БХК, Гары Паганяйла не спадзяецца. Аднак лічыць, што праваабарончая арганізацыя мусіць выкарыстаць усе вызначаныя законам спосабы, каб абскардзіць вынікі прэзідэнцкай кампаніі – 2010.

belsat.eu

Стужка навінаў