«Год нафтахімічнага праклёну»


Эксперты навукова-даследчага цэнтру Мізэса і аналітычнага цэнтру «Стратэгія» прааналізавалі эканамічнае жыццё краіны ў 2012 г.

Ізноў «жывем не па сродках»?

На меркаванне экспертаў, 2012 год быў годам «бестурботнага праядання беспрэцэдэнтнага ў аб’ёме інтэграцыйнага гранту з Расеі». Яго аб’ём ацэньваецца на 25–28 % беларускага ВУП.

2012 год быў «годам разбэшчвання незаробленымі прыбыткамі». «Тэмпы росту прыбыткаў былі значна вышэйшыя за тэмпы росту прадукцыйнасці працы. Іншымі словамі, улады стымулявалі праяданне абаротнага капіталу і жыццё ў доўг», – лічаць эксперты.

Эксперты таксама назвалі 2012 год «годам нафтахімічнага праклёну». «Два прадпрыемствы Беларусі паставілі ўнікальны рэкорд – 48 % усяго таварнага экспарту», – адзначаюць эканамісты.

На іхную думку, гэты год «не быў годам макраэканамічнай стабілізацыі з прычыны нізкай якасці працы Нацбанку і Саўміну».

Рыхтуецца глеба для алігархаў

2012 год быў «годам рэзкага адкату ў бок рэакцыйных, антыпрадпрымальніцкіх практыкаў, дэградацыі інстытуту прыватнай уласнасці, абуральнага парушэння правоў рабочых і мінарытарных акцыянераў».

У гэтым годзе працягвалася «імітацыя мадэрнізацыі – за кошт праядання нацыянальнага багацця і ўцягвання краіны ў даўгавую пятлю».

2012 год «актывізаваў фармаванне вертыкальна інтэграваных галіновых холдынгаў, якія зробяцца апораю будучых беларускіх алігархаў», а таксама гэта быў год «дынамічнага будаўніцтва дзяржаўнай і банкаўскай фінансавай піраміды (небяспечна спекулятыўна прывабныя ўклады ў беларускіх рублях), калі цана крэдытаў у нацыянальнай валюце нішчыла рэальны сектар».

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў