Беларуская рэчаіснасць: Уладам не падабаецца, як аб’яднанне “Добрая Воля” піша сваю назву


Дырэктар міжнароднага грамадскага аб’яднання “Добрая Воля” Леанід Скарабагаты расказаў: улады хочуць ліквідаваць арганізацыю, абвінаваціўшы ейных чальцоў у тым, што два словы назвы яны падаюць з вялікай літары.

“Абвінавачанні на наш адрас увесь час змяняюцца, – адзначыў Скарабагаты. – Цяпер прэтэнзіі да таго, што абодва словы нашай назвы мы пішам з вялікай літары. Іншае абвінавачанне ў тым, што на маіх асабістых канвертах я размясціў два нібыта рэкламных малюнкі без узгаднення. І гэткіх абвінавачанняў налічваецца каля пяці. Вось на гэтых падставах і ўзбуджаная судовая справа”.

Дырэктар аб’яднання “Добрая Воля” распавёў, што арганізацыя існуе з 1998 года і спецыялізуецца на абароне правоў дзяцей, у прыватнасці, дзяцей-сіротаў. У 2011–2012 годзе ўдзельнікі аб’яднання выявілі злоўжыванні ды правапарушэнні, дапушчаныя ў дачыненні прыёмных сем’яў і дзяцей-сіротаў службовымі асобамі Міністэрства адукацыі.

{movie}Скарабагаты: Абвінавачанні ўвесь час змяняюцца |right|8308{/movie}“Пра парушэнні паінфармавалі кіраўніцтва міністэрства. Аднак ніякіх захадаў не зрабілі. Замест гэтага Мінадукацыі накіравала скаргу ў Мінюст, і была ўзбуджаная судовая справа аб прыпыненні дзейнасці МГА “Добрая Воля”, – патлумачыў грамадскі дзеяч.

Паводле словаў дырэктара аб’яднання, нягледзячы на абсурднасць выстаўленых абвінавачанняў “Добрая Воля” задаволіць прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі: “Я не стану на сваіх канвертах размяшчаць рэкламы, будзем пісаць “воля” з маленькай літары, калі гэта так прынцыпова, абярэм іншага рэвізора, як трэба Міністэрству юстыцыі, а таксама задаволім іншыя іх прэтэнзіі”.

Дзяніс Багдановіч, паводле БелаПАН

Стужка навінаў