Рагачовец: Гатовы даказаць пракурору, што палітыка ўладаў – утопія


Рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча выклікаюць у раённую пракуратуру за тое, што той дазволіў сабе крытычныя выказванні на адрас гарадскіх чыноўнікаў.



Пра гэта Дашкевічу праз мабільны тэлефон паведаміў намеснік пракурора Рагачоўскага раёну. «Мне прызначылі сустрэчу на 15-ю гадзіну, – кажа актывіст. – Пракурор таксама патлумачыў, што да мяне ёсць пытанні адносна працы незалежнага сайту «vrogacheve.ru», дзе перыядычна з’яўляюцца матэрыялы з крытыкаю мясцовых уладаў».

Дашкевіч мяркуе, што чыноўнікі з мясцовага райвыканкаму занепакоеныя з незадаволенасці рагачоўцаў, а публікацыі на незалежным сайце толькі «падліваюць алею ў вогнішча». Таму ўлады пастанавілі працягваць ціск на дэмакратычных актывістаў, якія кажуць праўду пра становішча мясцовай эканомікі і ўзровень жыцця людзей у горадзе.

«Каб набыць пачак запалак, трэба 20 паперак! У той жа час замест таго, каб прызнаць факт правальнай эканамічнай палітыкі, у іх [гарадскіх уладаў – «Белсат»] стае нахабства са старонак сваёй газеты распавядаць пра тое, у якім раі мы жывем! Больш за тое, у іх яшчэ стае нахабства затыкаць раты тым, хто кажа ўголас відавочныя рэчы! Я гатовы і пракурору на канкрэтных фактах даказаць, што палітыка нашых уладаў – гэта ўтопія, калі ён гэтага сам не разумее ці ходзіць у нейкія іншыя крамы», – падкрэсліў рагачовец.

Паводле spring96.org; vrogacheve.ru

Стужка навінаў