Ворсін: ЧС па хакеі ў Менску будзе, а яго лагатып на туалетнай паперы – правакацыя


Старшыня Федэрацыі хакею Яўген Ворсін не памятае, каб туалетную паперу ўключалі ў спіс прадукцыі з лагатыпам чэмпіянату свету–2014, але ўпэўнены, што першынство адбудзецца нягледзячы ні на што.

«Некаторыя асобы і структуры заклікалі да байкоту або пераносу чэмпіянату свету ў Менску праз нейкія палітычныя меркаванні. Усе гэтыя спробы былі адхіленыя на паседжанні кангрэсу Міжнароднай федэрацыі хакею. Прапаноўваю больш наагул не ўзнімаць гэтай тэмы. Я запэўніваю, першынство адназначна пройдзе ў Менску», – паведаміў кіраўнік арганізацыі.

Рэзанансны здымак у інтэрнэце, на якім лагатып сусветнага форуму выкарыстоўваецца на туалетнай паперы, паводле Ворсіна, можа быць правакацыяй.

«Федэрацыі падаецца спіс прадукцыі, на якой будзе выкарыстаны лагатып чэмпіянату. І я, шчыра кажучы, не памятаю гэтага ў пераліку. Можа, гэта правакацыя або чыясьці неабдуманасць… Мы рэгіструем усе найменні з лагатыпам. Цяпер у спісе значацца 150 пазіцыяў. У любым выпадку для нас гэта нагода зрабіць больш жорсткім кантроль за вырабам такой прадукцыі», – падкрэсліў Ворсін.

Перанясуць заканчэнне навучальнага года, бо турыстам трэба недзе жыць?

Паводле старшыні ФХРБ, міжнародныя эксперты адзначылі: Беларусь у некаторых аспектах «апярэджвае план рыхтавання» да чэмпіянату. Менск адначасова зможа прыняць прыкладна 20 тыс. турыстаў, падкрэсліў Ворсін. Іх плануецца размяшчаць у гатэлях, а таксама ў студэнцкай вёсцы (на 8,8 тыс. месцаў, адкрыецца ў 2013 годзе) і ў студэнцкіх інтэрнатах. Насельнікі інтэрнатаў мусяць вызваліць будынкі за месяц да пачатку чэмпіянату. У сувязі з гэтым у 2014-м могуць змяніць тэрмін заканчэння навучальнага года. Міністэрства адукацыі, паводле Ворсіна, цяпер разглядае розныя варыянты развязання праблемы.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў