Актывіста судзілі за святкаванне Слуцкага збройнага чыну


Суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў грамадскага дзеяча Аляксандра Макаева да 5 мільёнаў штрафу. Ён быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавага мерапрыемства, якое прайшло 1 снежня і было прымеркаванае да гадавіны Слуцкага антыбальшавіцкага паўстання.

Актывіст разам з іншымі беларускімі патрыётамі ўдзельнічаў у аб’ездзе месцаў, звязаных з падзеямі Слуцкага збройнага чыну. Актывісты з бел-чырвона-белымі сцягамі ў руках наведалі Грозава, Семежава і Чырвоную Слабаду, дзе ў гонар паўстанцаў усталяваныя памятныя крыжы. У Грозаве, у першым пункце падарожжа, міліцыянты затрымалі Аляксандра Макаева і склалі ў дачыненні яго пратакол аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Яшчэ ў сярэдзіне снежня да Макаева прыязджалі міліцыянты з прэтэнзіямі наконт несанкцыянаванай акцыі. Тады актывіст заявіў, што ніякай масавай акцыі ён не арганізоўваў, а месцы, звязаныя з падзеямі 1920 г. у Слуцкім раёне, наведвала звычайная група людзей.

«Тое ж самае я паўтарыў і на судзе. Так, я заказваў аўтобус для наведвання месцаў, звязаных са Слуцкім паўстаннем, аднак, на маю думку, ніякіх мітынгаў і пікетаў мы не праводзілі. Мы проста ставілі свечкі і маліліся на месцах баёў», – адзначыў Макаеў.

Ён заявіў, што гэтае рашэнне суда «нечаканае». «Я чакаў, што мяне, як звычайна, пад Новы год “закрыюць на суткі “, а тут далі толькі штраф. Гэта дзіўнае падзея і проста падарунак да святаў», – сказаў грамадскі актывіст.

Па словах Макаева, ён пакуль не вырашыў, ці будзе абскарджваць гэтае рашэнне суда.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў