Кыргызстан: святары спрабуюць забараніць адзначэнне Новага года


Яны лічаць, што гэтае свята не толькі не адпавядае ісламскай традыцыі, але на яго марнуецца шмат грошай.

Прадстаўнік Духоўнага ўпраўлення мусульманаў Раўшан Эратаў заклікае байкатаваць адзначэнне Новага года ўсёй нацыяй. «Гэта не рэлігійнае свята, яно не датычыць мусульманаў. У нашай рэлігіі ёсць тры святы: Ураза-байрам, Курбан-байрам і Джума-намаз (пятнічная малітва), астатнія ісламу не датычаць. Лепш за гэтыя грошы дзяржава або самі людзі дапамогуць тым, хто жыве вельмі дрэнна, – набудуць ім штосьці карыснае. Ёсць людзі, якія, святкуючы Новы год, трацяць на яго грошы, тым часам як у іх, напрыклад, дзеці не апранутыя або школьных прыладаў не стае. Але ж усё роўна – святкуюць!» – абураецца Раўшан Эратаў.

Пакуль улады не далі афіцыйнага адказу на прапанову мулоў, але збольшага грамадзяне такой ідэі не падтрымліваюць. Бацькі, якія прывялі дзяцей на навагодні ранішнік, не ўяўляюць сабе, як можна было б пазбавіць малечу свята.

«Святкаванне Новага года не мусіць быць адмененае, бо Кыргызстан – гэта дэмакратычная краіна, краіна шматканфесійная і шматнацыянальная. Калі людзі хочуць яго святкаваць, то і будуць святкаваць», – кажа Чалпон Албекенава, маці дваіх дзяцей.

belsat.eu

Стужка навінаў