Кіраўніка расейскай калоніі, даведзенай да бунту, арыштавалі


Дзяніса Мяханава падазраюць у «перавышэнні службовых паўнамоцтваў», што, паводле версіі следства, прывяло да бунту 250 вязняў у калоніі № 6 пад ягоным кіраўніцтвам у Чалябінскай вобласці Расеі.

Гэтак зняволеныя вырашылі прыцягнуць увагу да таго, што ў калоніі ўжываюцца катаванні, а адміністрацыя вымагае грошы ў вязняў ды іхных родных. Бунтары патрабавалі расследаваць справу і пакараць вінаватых. У прыватнасці, яны дамагаліся звальнення з пасады кіраўніка калоніі.

Следчы камітэт сапраўды адкрыў некалькі крымінальных справаў, правёў вобшукі ў калоніі і дома ў службоўцаў, якія могуць мець дачыненне да агучаных вязнямі фактаў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 12 працоўнікоў калоніі. Кіраўніка пенітэнцыярнай установы арыштавалі першым.

«На маёй памяці і ў практыцы нашага фонду гэта першы выпадак, калі арыштоўваюць кіраўніка калоніі. Факты катаванняў у турмах у прынцыпе радзей расследуюцца, чымся, напрыклад, скаргі на дзеянні паліцыі», – адзначае Алег Новікаў, кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадскасцю фонду «Общественный вердикт».

Катаванні не разглядаюцца расейскім заканадаўствам як асобны тып злачынства. Крымінальныя справы заводзяцца ў звязку з перавышэннем службовых паўнамоцтваў. А таму няма і статыстыкі таго, наколькі маштабная гэтая з’ява. Расейскі Камітэт супраць катаванняў заяўляе, што кожны пяты грамадзянін краіны сутыкаўся з катаваннямі.

Гэтая праблема існуе не толькі ў турмах і калоніях.

«Мы лічым, што гэта ёсць сістэмаю, бо з дапамогаю катаванняў можна вельмі хутка расследаваць справу, атрымаць прызнанне і гучна адсправаздачыцца перад кіраўніцтвам пра вынік», – каментуе Алег Новікаў сітуацыю з паліцыяй.

Праваабарончыя арганізацыі робяць высновы, грунтуючыся на ўласнай практыцы – а гэта сотні прынятых ад грамадзянаў заяваў на год.

belsat.eu

Стужка навінаў