Берасцейшчына: На прадпрыемствах нелегальна выкарыстоўвалі працу падлеткаў


Праца без дамоваў, без уліку працоўнага стажу, без вызначанай перыядычнасці аплаты і звыштэрмінова. Берасцейская пракуратура знайшла ў вобласці шэраг парушэнняў заканадаўства аб працы наймальнікамі няпоўнагадовых.

Магчымасць падзарабіць ці эксплуатацыя?

На некаторых прадпрыемствах Баранавічаў пры заключэнні працоўных дамоваў з асобамі, маладзейшымі за 18 гадоў, прадугледжваўся выпрабавальны тэрмін, маладыя людзі мусілі працаваць поўны дзень, хоць закон дае ім права на скарочаны. Такія хібы зафіксаваныя таксама ў арганізацыях Берасцейскага, Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў.

Пракурор Драгічынскага раёну выявіў, што ў асобных працоўных дамовах з няпоўнагадовымі не прадугледжваўся адпачынак, не агаворвалася перыядычнасць выплаты заробку – два разы на месяц. У Пінскім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім раёнах мелі месца факты прыняцця на працу падлеткаў без абавязковага папярэдняга медычнага агляду.

Асобныя кіраўнікі афармлялі фактычна ўзніклыя працоўныя дачыненні з няпоўнагадовымі як дамовы падраду, а ў Лунінецкім раёне дамовы з прадстаўнікамі студэнцкіх атрадаў наагул не заключаліся.

У Ганцавіцкім раёне прыняццё на працу асобаў да 18 гадоў афармлялася не ўва ўсіх выпадках, а таксама не заводзіліся працоўныя кніжкі. На шэрагу прадпрыемстваў Пінску, Івацэвіцкага і Камянецкага раёнаў маладзёнаў прыцягвалі да звыштэрміновых працаў.

…а план нявыкананы!

Адначасова з парушэннем правоў няпоўнагадовых пракуратура паведамляе пра… невыкананне плану забеспячэння працаю падлеткаў. Паводле гэтага органу, Берасцейскі аблвыканкам зацвердзіў заданне па працаўладкаванні моладзі на 2012 год – 650 асобаў, але ў студэнцкіх атрадах працавалі толькі 544.

Па выніках праверкі пракуроры Берасцейшчыны ўнеслі 3 прадстаўленні, 8 прадпісанняў, абвешчана 10 афіцыйных папярэджанняў аб недапушчальнасці парушэння закону. На запатрабаванне пракурораў 6 службовых асобаў прыцягнутыя да дысцыплінарнай і адміністратыўнай адказнасці. Захады пракурорскага рэагавання ўжылі пракуроры 12 рэгіёнаў вобласці.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў