Суд палічыў за змякчальныя акалічнасці тое, што ў журналіста – малыя дзеці


Карэспандэнта польскай “Gazety Wyborczej” Андрэя Пачобута за ўдзел у акцыі 19 снежня пакаралі штрафам, а не арыштам.

Нагадаем, што Андрэя Пачобута затрымалі пасля акцыі пратэсту 19 снежня ў Менску. Дзень ён праседзеў у аўтазаку. Ягоную справу разглядаў суд Кастрычніцкага раёну Менску. Пасля яго нечакана адпусцілі, паведаміўшы, што матэрыялы накіравалі на дапрацоўванне.

Увечары 12 студзеня ў кватэры Пачобута ў Горадні адбыўся ператрус. Пасля, хоць было ўжо вельмі позна, яго забралі на допыт у КДБ. Толькі апоўдні наступнага дня сваякам стала вядома, што ён у Кастрычніцкім судзе Менску. За ўдзел у акцыі 19 снежня журналіста аштрафавалі на Br 1 750 000.

Як паведамілі “Белсату” у Беларускай асацыяцыі журналістаў, змякчальнымі акалічнасцямі суд палічыў тое, што ў падсуднага малыя дзеці. Спадар жа Пачобут мяркуе, што яго не пакаралі арыштам, дзякуючы міжнароднай рэакцыі на падзеі 19 снежня: арышт карэспандэнта польскага выдання быў бы вельмі неабачлівым крокам з боку ўладаў. Варта дадаць, што за судовым працэсам назіралі два консулы.

Пры гэтым Андрэй Пачобут збіраецца абскарджваць рашэнне суда. Апошні адхіліў два ягоныя хадайніцтвы: аб праглядзе відэаматэрыялаў, дзе выразна бачна, што на вопратцы Пачобута быў журналісцкі бэйдж, і аб допыце сведкаў з ягонага боку. Карэспандэнт кажа, што сведкамі ў ягонай справе былі два міліцыянты, якіх ён бачыў упершыню ў жыцці. Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што ў пратаколе пазначаецца час ягонага затрымання 21:45, а шыбы ў Доме ўраду пачалі біць прыкладна а 22:15.

belsat.eu

Стужка навінаў