У вырай на… «Горадня Азот»


Паводле гарадзенскіх арнітолагаў, сотні, калі не тысячы, асобін вадаплаўных птушак замест таго, каб адлятаць у вырай, застаюцца на сажалках ААТ «Горадня Азот». Тэмпература вады на некаторых з іх можа дасягаць +20.

«Яны застаюцца на гэтых сажалках, бо тэмпература тут адпаведная і тут яны могуць знайсці сабе дастаткова ежы», – распавядае арнітолаг з арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Зміцер Вінчэўскі.

«Ва ўмовах дзікай прыроды, у прынцыпе, птушкам нашая дапамога непатрэбная. Але калі мы прыязджаем на такія вадаёмы і калі моцны мароз, то лепш птушак не палохаць, каб яны не трацілі энергіі на пералёты і хаванне ад людзей», – дадаў адмыслоўца.

А вось у гарадскіх умовах для птушак, якія застаюцца зімаваць у Беларусі, варта ставіць кармушкі. Кормам можа стаць звычайнае насенне: недарагое проса ці нясмажаныя сланечнікавыя семкі, якія прадаюцца на звычайным рынку. Калі птушкам не дапамагаць, то яны могуць загінуць.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў