Літва «здала» мядзведзікаў?


Генеральная пракуратура Літвы перадала Беларусі інфармацыю пра палёт 4 ліпеня над беларускаю тэрыторыяй шведскіх актывістаў, якія мінулі па паветры беларуска-літоўскую мяжу і скінулі плюшавых мядзведзікаў з цыдулкамі на знак падтрымання дэмакратыі, паведамляе партал ru.delfi.lt.

Сярод іншага, Генеральная пракуратура Беларусі атрымала інфармацыю, звязаную з дасудовым расследаваннем незаконных мінанняў дзяржаўнае мяжы лёгкім самалётам, якое праводзіцца ў Літве. Якую менавіта інфармацыю літоўскі бок перадаў беларускаму, не дэталізуецца. Адзначаецца толькі, што яе перадалі на падставе двухбаковай міжнароднай дамовы аб прававой дапамозе і прававых адносінах у грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах.

Генпракуратура Беларусі гэтага паведамлення пакуль не каментуе.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам працаўнікоў кампаніі «Studio Total» з плюшавымі мядзведзямі на борце мінуў паветраную мяжу Беларусі раніцаю 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы нашае краіны прыблізна паўтары гадзіны і скінуў над Івенцам і ўскраінаю Менску больш як 800 цацак з цыдулкамі, у якіх выказвалася падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў