Ганс-Георг Вік: Больш жорсткія санкцыі для Менску і байкот чэмпіянату па хакеі


Еўразвяз павінен зрабіць яшчэ больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні афіцыйнага Менску і байкатаваць чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 г., заявіў у інтэрв’ю «Deutsche Welle» кіраўнік берлінскай асацыяцыі «Правы чалавека ў Беларусі» Ганс-Георг Вік.

Нямецкі праваабаронца заўважыў, што Аляксандр Лукашэнка – вялікі аматар хакею і актыўны гулец, што ўдзельнічае ў спаборніцтвах, якія сам і ладзіць. На думку Віка, для яго першынство свету па хакеі – гэта магчымасць самасцвердзіцца. Паводле прадстаўніка нямецкай праваабарончай арганізацыі, у гісторыі ёсць яркія прыклады, калі дыктатары выкарыстоўвалі спартовыя святы, каб прадэманстраваць, што ўвесь свет перад імі схіляецца. «Дастаткова ўспомніць Алімпіяду ў Берліне ў 1936 годзе», – звярнуў увагу Ганс-Георг Вік.

На ягоную думку, байкот чэмпіянату свету па хакеі ў Менску «балюча ўдарыў бы па Лукашэнку». «Пытанне спрэчнае, яно не знятае яшчэ з парадку дня», – удакладніў кіраўнік асацыяцыі «Правы чалавека ў Беларусі».

Гаворачы пра неабходнасць узмацніць жорсткасць санкцыяў, Вік адзначыў, што пакуль санкцыі «накладзеныя толькі на фірмы, на чале якіх стаяць людзі з найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі». Расея субсідуе рэжым Лукашэнкі льготнымі пастаўкамі нафты, каб прывязаць Беларусь да сябе. «Але ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю абавязвае Расею ўніфікаваць цэны на ўнутраным і знешнім рынках. Таму ўжо бліжэйшым часам Масква не зможа выкарыстоўваць цану на нафту як палітычны рычаг у адносінах з Менскам», – падкрэсліў дзеяч.

На ягоную думку, цяпер беларусам атрымаць шэнгенскую візу значна прасцей, чымся раней. Еўразвяз, як адзначыў Вік, увесь час прапаноўвае афіцыйнаму Менску перамовы пра ўзаемнае скасаванне візаў, але беларускі бок на гэта ніяк не рэагуе.

На пытанне, ці не ахоплівае яго пачуццё бездапаможнасці ад таго, што за столькі гадоў у Беларусі нічога не мяняецца, Вік адказаў: «Калі якому-небудзь клану, рэжыму ўдалося захапіць практычна непадзельную ўладу ў краіне, то яны могуць гадамі і дзесяцігоддзямі запалохваць і душыць насельніцтва. Але рана ці позна негатыўны бок аўтарытарных рэжымаў пераважае. Я за сваё доўгае жыццё быў сведкам упадку шмат якіх аўтарытарных рэжымаў. Аўтарытарныя рэжымы асуджаныя на крах».

Ганс-Георг Вік – адзін з найстарэйшых нямецкіх дыпламатаў і дзяржаўных дзеячаў. Ён узначальваў Федэральную службу выведкі, быў амбасадарам ФРГ у СССР і сталым прадстаўніком краіны пры НАТО. З 1998 да 2001 года ўзначальваў Кансультатыўна-назіральную групу АБСЕ ў Менску.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў