Кампанія «Ryanair» узняла кошты больш як удвая


Найбуйнейшая еўрапейская авіякампанія, што прываблівае беларусаў таннымі пералётамі, значна павялічыла кошты паслугаў.

Яшчэ ў кастрычніку квіток з Бруселю да Коўна можна было набыць за 15–20 еўраў. У лістападзе самалёты «Ryanair» пачалі лётаць з еўрапейскіх сталіцаў не ў Коўна, а ў Вільню – і пры гэтым кошт квітка ўзняўся да 27 еўраў. А цяпер самыя танныя варыянты каштуюць ужо 43 еўры. Больш за тое, калі цяпер замаўляць квіткі на лета, кошты сягаюць нават 70 еўраў.

Разам з тым «Ryanair» застаецца авіякампаніяй, якая прадае самыя танныя квіткі на найбольш зручныя для беларусаў кірункі. Напрыклад, у Брусель можна ляцець і з Варшавы – такі варыянт прапаноўвае кампанія «Wizz Air» за 25–40 еўраў. Але з Менску да Вільні выгодна дабірацца цягніком за тры гадзіны, заплаціўшы ўсяго 8 еўраў. Тады як за квіток у Варшаву давядзецца аддаць ужо 75 еўраў, а дарога зойме 8–10 гадзінаў. То бок беларусу лётаць у краіны Еўразвязу ўсё адно выгодней праз Вільню.

Гэткім чынам, «Ryanair» уздымае кошты, не баючыся адтоку кліентаў з усходу. Раней пералёты гэтай кампаніі даражэлі хіба што ў святочныя дні, тады за квіткі даводзілася пераплачваць прыблізна ўдвая. «Як любая бізнес-кампанія, яны хочуць зарабляць грошы. З аднаго боку, яны бачаць моцны попыт на гэтыя кірункі, дзе асноўныя пасажыры – літоўцы і беларусы. А з іншага – бачаць, што ў пасажыраў іншага варыянту няма: у «Аэрафлоту» і «Белавіі» кошты завоблачныя», – кажа Алесь, якому па працоўных справах даводзіцца лётаць у Брусель двойчы на месяц.

Сапраўды, пералёт ад «Белавіі» з Менску, напрыклад, у суседні з Бруселем Амстэрдам каштуе як найменш 129 еўраў. А «Аэрафлотам» даляцець з Бруселю ў Маскву можна за 334 еўры! І яшчэ трэба ўлічыць, што дарога з Масквы ў Менск будзе каштаваць дадатковыя 60 еўраў.

Да слова, падаражэлі таксама пералёты «Ryanair» у іншыя гарады. Прыкладам, квіток з Бруселю ў Дублін месяц таму каштаваў каля 50 еўраў, а цяпер – прыблізна 80 еўраў.

belsat.eu

Стужка навінаў