Ці выпусцяць палітвязняў пасля прыезду Віганда?


Палітычныя аглядальнікі мяркуюць, што еўрачыноўнік перад усім абмяркоўваў з міністрам замежных справаў Макеем невыязны статус апошняга.

Пра візіт дырэктара дэпартаменту Расеі, “Усходняга партнёрства”, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнай супрацы і АБСЕ Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў Гунара Віганда ў Менск паведаміла ўвечары 17 снежня прэс-служба Міністэрства замежных справаў Беларусі. У кароткім прэс-рэлізе было сказана, што падчас сустрэчы Віганда з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем “бакі абмеркавалі комплекс пытанняў, што датычаць наяўнага стану дачыненняў паміж Беларуссю і ЕЗ і шляхоў іх нармалізацыі”.

Як даведаўся БелаПАН у беларускім прадстаўніцтве ЕЗ, паведамленняў пра вынікі свайго візіту Віганд рабіць не плануе.

Якаўлеўскі: Сам факт сустрэчы – пазітыўны

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што сам факт сустрэчы Макея з Вігандам “можна лічыць пазітыўным”. “Гэта азначае, што бакі шукаюць шляхі вырашэння ненармальнай сітуацыі, якая склалася з вядомай прычыны – 19 снежня 2010 года і ўсіх падзеяў, звязаных з гэтым днём”, – зазначыў Якаўлеўскі.

На ягоную думку, падчас перамоваў, хутчэй за ўсё, абмяркоўваўся невыязны статус Макея. Праз санкцыі апошні не можа сустрэцца з чыноўнікам свайго ўзроўню – вярхоўнаю прадстаўніцаю Еўразвязу ў вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, таму да яго і прыехаў “тэхнічны працаўнік ЕЗ”.

Аднак якіх-небудзь прыкметаў таго, што афіцыйны Менск гатовы ісці на саступкі Бруселю, Якаўлеўскі пакуль не бачыць. Паводле яго, візіт Віганда можа сведчыць пра тое, што тэма палітвязняў не знятая з парадку дня Еўразвязу. Але на магчымасць выканання гэтых патрабаванняў беларускім бокам аналітык глядзіць скептычна: “Нам вядома пра тое, што ўмовы ўтрымання Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Змітра Дашкевіча сталі больш жорсткія, і падставаў для аптымізму гэтая інфармацыя не дадае”.

Карбалевіч: Руцінная падзея

У сваю чаргу палітолаг Валер Карбалевіч расцэньвае перамовы еўрачыноўніка з Макеем як “дастаткова руцінную” падзею. “Нейкія кантакты на нізкім узроўні вядуцца пастаянныя, камунікацыі адбываюцца пастаянна. Я не бачу нічога сенсацыйнага ў тым, што чыноўнік Еўразвязу, які адказвае за гэты рэгіён, ездзіць і размаўляе”, – зазначыў ён.

Зрухаў у дачыненнях Бруселю і афіцыйнага Менску ад візіту Віганда палітолаг не чакае. Бакі жорстка прытрымліваюцца сваіх пазіцыяў, і не збіраюцца ад іх адмаўляцца. На думку палітолага, “адзінае, што маглі абмяркоўваць Віганд і Макей, гэта тое, што тычыцца самога Макея, – выключэнне яго са спісу неўязных у Еўразвяз”.

Гісторыя пытання

Варта зазначыць, што Гунар Віганд наведваў Беларусь сёлета 8–10 лютага. Ён сустракаўся з Сяргеем Мартынавым, які тады ўзначальваў МЗС, праваабаронцамі, сваякамі палітзняволеных і прадстаўнікамі еўрапейскага дыпкорпусу. Пры канцы лютага паміж Менскам і Бруселем здарыўся дыпламатычны скандал, прычынаю якога стала рашэнне Рады міністраў ЕЗ пашырыць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. У адказ на гэта ўлады Беларусі рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва ЕЗ і паслу Польшчы пакінуць Менск. На знак салідарнасці з калегамі з Беларусі тады выехалі ўсе еўрапейскія паслы.

14 і 15 красавіка на падставе ўказаў кіраўніка дзяржавы аб памілаванні на волю выйшлі Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка. У канцы красавіка еўрапейскія паслы вярнуліся ў Менск.

belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў