Ева Някляева: Вы маеце ключы ад турмы, дзе сядзіць мой бацька


Дачка экс-кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева выступіла ў Еўрапарламенце.

Яна заклікала структуры Еўразвязу да хуткіх і канкрэтных крокаў у вызваленні палітвязняў.

“Насамрэч існуе толькі два варыянты. Вы можаце прыняць рэзалюцыю, якая распачне эфектыўную палітыку, паводле якой кошт чалавечага жыцця пераважвае эканамічную выгоду, якая выратуе людзей у Беларусі. Другі варыянт – вы можаце прыняць рэзалюцыю, якая пакажа, што вам усё адно. Маштаб гвалту і бесчалавечных дзеянняў непараўнальны з тым, што адбывалася пяць або шэсць гадоў таму. Патрэбныя абсалютна іншыя крокі, абсалютная іншая рэакцыя, адпаведная рэакцыя”, – сказала Ева Някляева.

Яна падкрэсліла, што сітуацыя – неадкладная, бо за кратамі знаходзяцца людзі, якія пасля збіцця не атрымліваюць медычнай дапамогі. “Я хачу, каб вы зразумелі, што ў вашых руках ключ ад турмы, дзе сядзіць мой бацька. І толькі ад вас залежыць, вызваляць гэтых людзей, ці не”, – заявіла дачка экс-кандыдата.

Яна ўзгадала і пра небывалы ціск на грамадскіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў.

“Як дачка паэта, я веру ў сімвалічныя дзеянні, акцыі сімвалічнай салідарнасці. Мы прывезлі шалікі ў колерах нашага нацыянальнага сцягу, бела-чырвона-белыя. Мы раздамо іх вам і, спадзяемся, вы праявіце сваю салідарнасць такім маленькім учынкам”, – звярнулася Някляева да прысутных.

Напрыканцы ўдзельнікі дыскусіі на чале з кіраўніком Еўрапарламенту Ежы Бузэкам надзелі бела-чырвона-белыя шалікі.

belsat.eu

Стужка навінаў