Аляксандр Лукашэнка больш не здольны «купляць электарат»?


{movie}Яўген Прэйгерман: будуць палітычныя рэформы?|left|8091{/movie}Яўген Прэйгерман, дырэктар даследаванняў “Ліберальнага клубу”, мяркуе, што сітуацыя, якая склалася ў 2012 г., можа стаць падмуркам для зменаў у палітычнай сістэме Беларусі.

Паводле Прэйгермана, 2012 г. адметны тым, што распачаліся змены ў грамадстве і змены ў дачыненнях Аляксандра Лукашэнкі ды ягонага атачэння з беларускім народам. “За ўсю гісторыю кіравання Аляксандра Лукашэнкі не было падобнай сітуацыі: сёлета даходы беларусаў выраслі ў сярэднім на 16 %, але электаральны рэйтынг кіраўніка краіны застаўся там жа, дзе і быў, – каля 29–30 %. Раней заўсёды калі раслі даходы, рос электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі”, – гаворыць Яўген Прэйгерман.

Паводле эксперта, упершыню кіраўнік дзяржавы адчуў на сабе прэсінг не толькі з боку апазіцыі ды замежжа, але і элітаў ды электарату, якія хочуць зменаў палітычнай сістэмы. “Чаго хоча электарат? Макраэканамічнай стабільнасці, грошай і трошачку больш дынамікі. Усё гэта магчыма зрабіць у Беларусі толькі шляхам зменаў у палітычнай сістэме. Сёлета мы сталі на шлях, які раней ці пазней прывядзе да палітычнай рэформы”, – перакананы ён.

Эксперт заўважае, што апошнім часам Аляксандр Лукашэнка часцей з’яўляецца на дзяржаўным тэлебачанні, часцей праводзіць нарады з крытыкаю ўрадоўцаў: “Гэтымі ўжо знаёмымі метадамі ён спрабуе павышаць свой электаральны рэйтынг. У сярэдзіне 1990-х такія захады мелі плён, але цяпер гэта не спрацоўвае”.

Што да апазіцыі – на думку эксперта, яна застаецца разгубленая і дэмаралізаваная. “Ёсць аб’ектыўныя фактары, чаму так адбываецца. У кансалідаванай аўтарытарнай дзяржаве ў прынцыпе не можа быць моцнай апазіцыі, да таго ж ёсць людзі, якія працуюць на два лагеры, і таму апазіцыя амаль не мае шанцаў аб’яднацца”, – падкрэсліў Прэйгерман.

Міхась Ліхтаровіч
belsat.eu

Стужка навінаў