Застрэліў бацьку і маці, а пасля ўчыніў крывавую бойню ў школе


У ЗША маладзён здзейсніў масавае забойства. Загінулі каля 30 асобаў, з іх 20 – дзеці. {movie}Страляніна ў пачатковай школе ў ЗША|left|8089{/movie}

У пачатковай школе гораду Ньютаўн (Newtown) амерыканскага штату Канэтыкут (Connecticut) у выніку страляніны ад рук 20-гадовага мужчыны загінулі, паводле апошніх звестак, 28 асобаў. Сярод расстраляных большасць складаюць вучні. У момант трагедыі ў школе было прыблізна 600 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 10 гадоў.

Як паведамляюць амерыканскія медыі, забойцу звалі Раян Ланза (Ryan Lanza). Раніцаю дома ён застрэліў свайго бацьку, а затым прыбыў у школу, дзе працавала ягоная маці. Забіўшы яе, ён адкрыў агонь па настаўніках і дзецях. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пасля знішчэння вучняў ды іхных выхавальнікаў злачынца вярнуўся дадому і забіў сябе.

Некаторыя са сведкаў сцвярджаюць, што чулі са школы «не менш за сто стрэлаў». Адзін з прадстаўнікоў паліцыі распавёў журналістам на ўмовах ананімнасці, што ў будынку выявілі два пісталеты, а крыху пазней – яшчэ колькі адзінак агнявой зброі. Пакуль невядома, да якога тыпу належыць знойдзеная зброя.

Паводле іншае версіі, Эдам Ланца (Adam Lanza) забіў дома не бацьку, а сваю маці. Бацька забойцы – выкладчык універсітэта і не жыве з жонкаю. Пачаткова паліцыя падала няправільнае імя і ўзрост забойцы, пераблытаўшы яго са старэйшым братам – 24-гадовым Раянам Ланцам (Ryan Lanza). Раян паведаміў, што ягоны брат хварэў на аўтызм і меў праблемы з камунікацыяй з наваколлем. Браты не размаўлялі са два гады.

Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама з нагоды трагедыі ў Ньютаўне заявіў: «Нашыя сэрцы разбітыя». Амерыканскі лідар выказаў спачуванні сваякам пацярпелых, а таксама сем’ям дзяцей, якія выжылі, сказаўшы, што «ў іх занадта рана адабралі дзяцінства, і няма ніякіх словаў, якія маглі б зменшыць іхны боль».

Максім Ярашэвіч, паводле BBC
Відэа – «Reuters»

Стужка навінаў