Ці «праца, як падчас вайны» прывядзе да сацыяльнага выбуху?


Метадолаг Уладзімір Мацкевіч разважае, якую рэакцыю могуць выклікаць апошнія жорсткія словы прэзідэнта Беларусі на адрас работнікаў дрэваапрацоўчай галіны.{movie}Мацкевіч: Нашы людзі сцерпяць усё|left|8074{/movie}

«Вы павінны працаваць, як у ваенны час. Я вам даў выразны сігнал, больш за тое, узяў на сябе вялікую адказнасць, падпісаўшы адпаведны дэкрэт… Таму я нікому не дарую. Працаваць вы мусіце дзень і ноч», – сказаў Лукашэнка падчас візіту на «Віцебскдрэў». Крыху раней кіраўнік Беларусі падпісаў дэкрэт, паводле якога дрэваапрацоўнікі не толькі не могуць звольніцца без згоды кіраўніцтва, але і будуць вымушаныя вяртаць грошы, калі іх звольняць за парушэнне працоўнай дысцыпліны ці з іншых прычынаў.

Паводле Уладзіміра Мацкевіча, ціск з боку прэзідэнта на работнікаў лесаапрацоўчай прамысловасці – гэта парушэнне правоў чалавека. Адмыслоўца падкрэсліў, што любы наступ на правы і свабоды чалавека ў Беларусі прадыктаваны неабходнасцю ўзмацнення эканомікі краіны: «Цяпер, калі ў эканоміцы Беларусі вялікія праблемы, замест таго, каб праводзіць сапраўдныя рэформы і вывесці краіну на цывілізаваны ўзровень размеркавання працы ў сусветнай эканоміцы, Лукашэнка ідзе старым шляхам – узмацнення метадаў камандна-адміністратыўнай эканомікі».

Метадолаг зазначае: нягледзячы на відавочнае парушэнне правоў, беларусы наўрад ці выкажуць пратэст і незадаволенне. Для жыхароў малых гарадоў і мястэчак забарона звальняцца з дрэваапрацоўчых заводаў будзе дадатковаю гарантыяй сталага месца працы. «Людзі прыстасуюцца», – мяркуе Мацкевіч. Паводле яго, нязгодныя працаўнікі будуць старацца легальна абмінуць закон, каб звольніцца: «Не варта спадзявацца, што дзеянні ўладаў выклічуць сацыяльны выбух». Незадаволеныя проста з’едуць, а прэстыж працы на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах упадзе.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў