Яўген Ліпковіч: плаціць падаткі буду з ашчаднасцю


Учора намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік у артыкуле СБ «Утрыманцы: сацыяльны партрэт у поўны рост» налічыў 400 тыс. дармаедаў у нашай краіне.

У найлепшых традыцыях савецкай рыторыкі сам Тозік і ягоныя суразмоўцы-чыноўнікі назвалі людзей, якія не працуюць, паразітамі і прыйшлі да высновы, што дэкларацыю аб падатках за год мусіць падаваць кожны ўладальнік беларускага пашпарту.

Больш працы бюракратам

Эканамісты нічога дрэннага ў самой ініцыятыве не бачаць, але сумняюцца, што выкананне будзе на ўзроўні. Аляксандр Сінкевіч упэўнены: пагалоўнае дэклараванне падаткаў заваліць краіну паперкамі. Каб было па-іншаму, трэба змяняць усю сістэму.

«Стварыць сістэму кантролю дэкларавання магчыма, але гэта трэба перавесці сур’ёзныя абароты грошай у безнаяўны разлік. Праз карткі ды гэтак далей. Так, як гэта робіцца ў краінах з гэтак званым электронным грамадствам», – кажа ён.

Беларусь толькі пачала ісці ў кірунку стварэння такога грамадства. Хаця, з іншага боку, для апрацоўвання соцень тысячаў паперак спатрэбяцца новыя людзі, бюракратычны апарат разрасцецца яшчэ мацней, што зменшыць колькасць «паразітаў», якія гэтак турбуюць намесніка прэм’ера.



Справаздача Тозіку

У сваю чаргу блогер Яўген Ліпковіч, які летась мусіў здаць падрабязную справаздачу за папярэдні год, падказвае Тозіку іншых паразітаў на целе беларускай дзяржавы.

«Калі мы ўжо гуляем у гэтыя гульні і ўсе здаем падатковыя дэкларацыі, то давайце пачнем з 2006 года, калі кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка забыў у сваёй дэкларацыі ўзгадаць свайго малодшага сына. І нічога – ніхто не спраўджваў. Чаму б не перагледзець гэтую дэкларацыю? А магчыма, ёсць сэнс перагледзець вынікі тых выбараў?» – прапаноўвае Ліпковіч.

Улады Беларусі заўсёды шукалі ворагаў – раней за мяжою, а цяпер знайшліся ўнутры краіны. Бяздомнікі і беспрацоўныя, паводле намесніка прэм’ера, сядзяць на шыі ў сумленных грамадзянаў. Паводле Ліпковіча, Беларусь не горшая за іншыя краіны, дзе дэкларацыя аб падатках абавязковая. З тою толькі розніцаю, што калі грамадзяне Злучаных Штатаў або Японіі плацяць падаткі дзяржаве, у Беларусі ствараецца адчуванне, што здаецца справаздача перад самім намеснікам прэм’ера.

«Падаткі – гэта плата за цывілізацыю. І тая цывілізацыя, што будуецца на мае падаткі, мне не пасуе. Мне не пасуе тое неэфектыўнае тэлебачанне, што грукае «жалезам па шкле». Гэтак сама, як міліцыянеры, што хлусяць у судах. Мне шмат што не пасуе і таму я буду ашчадна плаціць падаткі», – кажа Ліпковіч.

belsat.eu

Стужка навінаў