Збіты Васіль Сарочык апазнаў чатырох міліцыянтаў


Следчы камітэт працягвае расследаванне заявы аб катаваннях у Ленінскім РУУСе Менску. Пацярпелы вартаўнік Васіль Сарочык апазнаў міліцыянтаў, якія выбівалі з яго «чыстасардэчныя прызнанні».

Паводле следчых, у Ленінскім РУУСе магло мець месца перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК) з боку чатырох службовых асобаў.

Як паведаміў БелаПАНу афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Менску Аляксандр Герасімаў, з удзелам пацярпелага 11 снежня правялі працэдуры апазнання. Паводле іх вынікаў, а таксама на падставе іншых матэрыялаў крымінальнай справы следства прызнала працаўнікоў міліцыі падазраванымі. Захада стрымання ў дачыненні іх пакуль не абіралася.

Пра катаванні пенсіянера Сарочыка, вартаўніка аўтастаянкі, якая месціцца на вуліцы Малініна ў Менску і належыць прадпрыемству «Рамэн», паведаміла праваабарончая інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа». На сайце «Платформы» таксама быў размешчаны відэарасповед пацярпелага. Пасля ён паўтарыў свае словы на прэс-канферэнцыі.

Падзеі адбываліся 14 лістапада. Паводле Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два працаўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не паказваючы дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку праехаць у Ленінскае РУУС. Як сцвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве ды целе, да збівання перыядычна далучаліся іншыя працаўнікі РУУСу. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнаю лаянкаю і пагрозамі забойства. Калі пажылы чалавек траціў прытомнасць, яго аблівалі халоднаю вадою, каб апрытомнеў.

Пасля таго, як Сарочык заявіў пра здарэнне, на яго пачаўся ціск з боку міліцыянтаў: спрабавалі выклікаць «на допыт», неаднаразова выклікалі і сваякоў пацярпелага для паказанняў адносна асобы Сарочыка і ягонага маральнага аблічча. Вартаўнік заявіў журналістам «Белсату», што баіцца за сваё жыццё.

Алесь Вікулаў

belsat.eu

Стужка навінаў