“Аўтарадыё” выкінулі з эфіру за перадвыбарчую рэкламу Саннікава і Някляева


12 студзеня а 12:40 спыніўся эфір менскай радыёстанцыі “Аўтарадыё”. Рэдакцыя радыёстанцыі паведаміла, што рашэнне прыняла Рэспубліканская камісія тэлебачання і радыёвяшчання.

Як растлумачылі БелаПАНу у рэдакцыі, прычынаю закрыцця стала трансляцыя ў эфіры “Аўтарадыё” ў перыяд кампаніі выбараў прэзідэнта агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева.

Пры гэтым у рэдакцыі зазначаюць, што агітацыйныя матэрыялы трансляваліся на падставе гаспадарчых дамоваў з кандыдатамі на прэзідэнцтва. Так, аўдыёролікі Андрэя Саннікава гучалі ў радыёэфіры 15–17 снежня 2010 года, Уладзіміра Някляева – 9–17 снежня 2010 года.

У рэдакцыі падкрэсліваюць, што за час трансляцыі агітацыйных матэрыялаў заўвагаў ад Цэнтрвыбаркаму на адрас “Аўтарадыё” не было, Міністэрства інфармацыі пісьмовых папярэджанняў не выносіла.

У загадзе Дзяржаўнай інспекцыі электрасувязі Міністэрства сувязі гаворыцца, што спыненае дзеянне дазволу на права выкарыстання “Аўтарадыё” радыёчастотнага спектру і забаронена эксплуатацыя радыёэлектронных сродкаў. Загад паўстаў на рашэнне Рэспубліканскай камісіі тэлебачання ды радыёвяшчання №188/11 ад 11 студзеня 2011 года за подпісам старшыні камісіі Алега Праляскоўскага.

Рашэнне камісіі анулюе права “Аўтарадыё” на наземную эфірную радыётрансляцыю “ў сувязі з невыкананнем творчай канцэпцыі ды распаўсюдам у эфіры інфармацыі, якая ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці”. Канкрэтнай інфармацыі пра тое, у чым выявілася невыкананне канцэпцыі або якія гучалі заклікі, у рашэнні няма. Як зазначылі ў рэдакцыі, у агітацыйных матэрыялах Саннікава была фраза: “Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы”.

Рэдакцыя “Аўтарадыё” заяўляе, што будзе аспрэчваць у судовым парадку прынятае камісіяй рашэнне.

“Аўтарадыё-Менск” – першая радыёстанцыя на тэрыторыі Беларусі, якая пачала трансляцыю пасля распаду СССР. “Аўтарадыё” – адзіная ў Беларусі прыватная радыёстанцыя, якая мае ўласныя FM-перадатчыкі ды антэну.

belsat.eu

Стужка навінаў