Апазіцыя: Змены ў Выбарчым кодэксе незаконныя. Трэба экспертыза


Беларускія апазіцыйныя партыі ды рухі будуць настойваць на тым, каб змены ў Выбарчым кодэксе, прапанаваныя Цэнтральным выбарчым камітэтам, былі накіраваныя на экспертызу ў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

Адпаведная заява прагучала 12 снежня на паседжанні круглага стала грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў, прысвечаным змене выбарчага заканадаўства.

У абмеркаванні ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі «Зялёныя», кампаніі «Гавары праўду!», Партыі БНФ, руху «За Свабоду», Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, кампаніі «За справядлівыя выбары» і аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Як заявіў юрыст Юрый Чавусаў, палітыкі намерваюцца звярнуцца ў Цэнтрвыбаркам з просьбаю накіраваць праект зменаў у Выбарчым кодэксе ў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскую камісію пры Радзе Еўропы, каб установы ацанілі гэтыя прапановы на адпаведнасць міжнароднаму праву.

{movie}Калякін: Трэба, каб выбары прызнавалі ўсе|right|8032{/movie}Пры гэтым эксперт падкрэсліў: пакуль усю інфармацыю пра папраўкі ў Выбарчым кодэксе, якія Цэнтрвыбаркам накіраваў прэзідэнту, палітычныя актывісты ўзялі з паведамлення дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. «Мы не бачылі ні саміх прапановаў, ні самога дакументу. Таму перш чым яго абмяркоўваць, мы павінны папрасіць Цэнтрвыбаркам, каб нам далі гэты праект паправак у Выбарчы кодэкс», – адзначыў Чавусаў.

Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін мяркуе, што змены ў Выбарчы кодэкс, прапанаваныя Цэнтрвыбаркамам, не адпавядаюць заканадаўству Беларусі: «Паводле закону, у выбарах маюць права браць удзел толькі палітычныя партыі, у законе няма гаворкі пра ўдзел грамадскіх аб’яднанняў, такі ўдзел не прапісаны. Акрамя таго, гэтымі прапановамі ўлада адымае ў грамадскіх арганізацыяў тыя правы, якія ў іх ёсць». Паводле палітыка, праект зменаў зусім не ёсць ініцыятываю самога ЦВК.

Прапановы аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства накіравалі Аляксандру Лукашэнку 3 снежня.

Цэнтрвыбаркам выступае за пашырэнне магчымасцяў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў праз надаванне такога права рэспубліканскім грамадскім аб’яднанням колькасцю больш як тысяча чалавек. З артыкулу Выбарчага кодэксу, што датычыць правядзення перадвыбарнай агітацыі, прапануецца выключыць норму пра байкот выбараў. Апроч таго, ЦВК рэкамендуе павялічыць памеры асабістых фінансавых выбарчых фондаў кандыдатаў у дэпутаты парламенту і кандыдатаў на прэзідэнта, даць магчымасць іх адкрыцця кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў і адмовіцца ад вылучэння кандыдатам бюджэтных сродкаў для вырабу агітацыйных улётак, а таксама адмовіцца ад дэбатаў на радыё, пакінуўшы іх правядзенне толькі на тэлебачанні.

Падрыхтаваў Максім Ярашэвіч, паводле БелаПАН

Стужка навінаў