Мазыр: «Апакаліпсіс» тут ўжо надышоў


«12 снежня 2012 года ў Мазыры наступіў канец свету. Ува ўсім горадзе знікла святло, гарачая і халодная вада, адключылася тэлефонная сувязь, інтэрнэт. Горад засыпаны снегам цалкам, камунальныя службы не спраўляюцца з колькасцю снегу, якая выпала ў горадзе за гэтыя дні. Аднак канец свету цягнуўся ўсяго тры гадзіны – і зноў з’явілася святло», – паведамляе на сваёй старонцы ў «Facebook’у» грамадскі актывіст Павал Наздра.

Паводле інтэрнэт-газеты «Палессе сваімі вачыма», электраэнергіі няма на некалькіх вуліцах. Паведамленні пра адсутнасць гарачай і халоднай вады пачалі прыходзіць з самага ранку. Мясцовыя ўлады тлумачаць гэта тым, што праз наліпанне мокрага снегу быў пашкоджаны кабель, да якога падлучаны водазабор.

«Горад Мазыр увесь дзень без вады, гарачай і халоднай. У крамах раскупілі ўсю пітную ваду, людзі топяць снег», – б’юць трывогу інтэрнаўты ў сацыяльных сетках.

Тым часам у Гомельскім абласным упраўленні МНС заяўляюць, што «няма ніякіх катастрофаў, усё пад кантролем, усё нармалёва». «Гэта звычайная сітуацыя, такое бывае часта ўва ўсёй рэспубліцы», – паведаміў прадстаўнік Цэнтру аператыўнага ўпраўлення журналістам «Белсату».

«Прайшоў вецер, дзе-нідзе абарвала правады, адключылася святло… А вада? Ну, разумееце, усё ж ад электрычнасці. Бо помпы, якія пампуюць ваду, электрычныя. Моцна перабольшылі, што «адначасова ўсё разам» адключылася», – дадаў прадстаўнік МНС.

Паўліна Калтавічанка

belsat.eu

Стужка навінаў