Брытанская паліцыя выявіла чацвертага атручанага «Навічком»


Сляды нервова-паралітычнага рэчыва «Навічок» знайшлі ў аналізе крыві яшчэ аднаго паліцыянта, які ўдзельнічаў у расследаванні справы Сяргея і Юліі Скрыпалёў, заявілі ў контртэрарыстычным аддзеле брытанскай паліцыі, піша Бі-бі-сі.

Сляды «Навічка» знайшлі ў аналізах паліцыянта, імя якога не называецца, толькі нядаўна. Само атручэнне адбылося яшчэ ў 2018 годзе. У яго і раней былі заўважаныя некаторыя сімптомы атручвання «Навічком», аднак спачатку ў клінічных аналізах слядоў рэчыва выяўлена не было.

Яму аказалі медычную дапамогу і неўзабаве ён вярнуўся да службы, гаворыцца ў заяве Скотлэнд-ярду.

Сляды «Навічка» знайшлі ў крыві паліцыянта пазней, у ходзе экспертна-крыміналістычнага аналізу, праведзенага ў лабараторыі Партон-Даун у межах расследавання нападу на Скрыпалёў, якое дагэтуль працягваецца.

На ягоным здароўі пры гэтым наяўнасць «Навічка» ніяк не адаб’ецца, кажуць эксперты. Паводле іх, людзі, якія маглі адзін раз кантактаваць з невялікай колькасцю «Навічка» і не дэманстравалі сімптомаў хваробы – па-за небяспекай.

Ананімны паліцыянт – шосты жыхар графства Уілтшыр, у арганізм якога трапіў «Навічок», выкарыстаны для атручвання Скрыпалёў.

Экс-палкоўнік ГРУ, былы двайны агент Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка былі атручаны ў горадзе Солсбэры ў сакавіку 2018 года. Ад кантакту з нервова-паралітычным рэчывам у выніку пацярпелі яшчэ тры чалавекі – паліцэйскі Нік Бэйлі і двое жыхароў суседняга з Солсбэры гарадка Эймсберы, Чарлі Роўлі і Дон Стэрджэс, апошняя памерла. Следчыя лічаць, што рэчыва знаходзілася ў флаконе з-пад парфумы, Стэрджэс распыліла яго сабе наўпрост на руку.

КА belsat.eu

Стужка навінаў