Беларускае МЗС настойліва папрасіла Літву заняцца чэргамі на мяжы


Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала амбасадзе Літвы ноту ў сувязі з павелічэннем чэргаў грузавога транспарту на мяжы дзвюх дзяржаваў.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, у ноце выказаная занепакоенасць беларускага боку “ў сувязі з адносным пагаршэннем сітуацыі на мяжы і павелічэннем чаргі грузавога транспарту на выездзе з Беларусі”. Асабліва праблемная сітуацыя ў пункце пропуску “Каменны Лог – Мядзінінкай”, адзначыў Савіных.

МЗС Беларусі нагадвае, што ў адпаведнасці з дзейнымі дамоўленасцямі бакі абавязаныя афармляць на беларуска-літоўскай мяжы 600 грузавых транспартных сродкаў на суткі. “Аднак з 5 снежня 2012 года гэтая ўмова літоўскім бокам не выконваецца”, – адзначыў прэс-сакратар. Беларускі бок, паводле яго, просіць Літву забяспечыць належнае выкананне раней дасягнутых дамоўленасцяў.

Складаная сітуацыя на памежным пераходзе паўстала пасля таго, як 5 снежня паводле падазрэння ў атрыманні хабару былі затрыманыя 29 мытнікаў літоўскага пункту пропуску “Мядзінінкай”. Згодна са звесткамі Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі грузаперавозчыкаў, прапускная здольнасць “Мядзінінкаю” пасля гэтага ўпала ў чатыры разы.

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, 10 снежня, у другой палове дня на беларуска-літоўскай мяжы на выезд з Беларусі ў Літву было ў тры разы больш грузавікоў, чым у Латвію і Польшчу разам. На 9-ю гадзіну раніцы 11 снежня ў пункце пропуску “Каменны Лог – Мядзінінкай” на ўезд у Беларусь у чарзе былі 440 аўтапаяздоў, на выезд – 550.

belsat.eu паводле belapan.com

Стужка навінаў