Чаго зычыце «Белсату» на юбілей?


Жадаем развіцця і аптымізму – вы нам патрэбныя, кажуць беларусы.

Роўна пяць гадоў таму, у Дзень правоў чалавека, “Белсат” распачаў трансляцыю. Спачатку эфір тэлеканалу складаў толькі адну гадзіну, з часам працягласць павялічылася. На “Белсаце” з’явіліся новыя публіцыстычныя і пазнавальныя праграмы, дакументальныя і мастацкія стужкі, праграмы для моладзі, дзяцей і г. д.

Журналістам “Белсату” даводзіцца працаваць паўлегальна, у неспрыяльных умовах, бо ўлады Беларусі адмаўляюцца даць тэлеканалу акрэдытацыю. Неаднаразова карэспандэнтаў “Белсату” затрымлівала міліцыя, яны зазнавалі ціск з боку ўладаў. У кватэрах журналістаў праводзілі ператрусы і канфіскоўвалі маёмасць. Усё гэта для таго, каб жыхары Беларусі мелі доступ да незалежнай інфармацыі “па-беларуску і без цэнзуры”.

Беларусы заўважаюць намаганні працаўнікоў “Белсату” і высока цэняць адданасць карэспандэнтаў сваёй справе.

“Заўсёды мае быць альтэрнатыва. Без альтэрнатывы нічога нельга даведацца”, – падкрэсліў адзін з апытаных гледачоў.

Адна з рэспандэнтак пажадала “Белсату” развіцця, сілаў і аптымізму, заўважыўшы: “У вас усё атрымаецца, бо вы сапраўды нам патрэбныя!”

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў