Беларусь без нафты


З-за адсутнасці дамоваў расейскія кампаніі не пастаўляюць нафты ў Беларусь, паведамляе газета “Ведомости” са спасылкаю на прэс-сакратара канцэрну “Белнафтахім” Марыну Касцючэнку. Запасаў нафты на беларускіх НПЗ хопіць да канца студзеня.

У канцы мінулага года Беларусь ратыфікавала пагадненні, якія фармуюць прававую базу Адзінай эканамічнай прасторы. Узамен Менск разлічвае атрымліваць бязмытную расейскую нафту, але пры гэтым мусіць пералічваць РФ усе выплаты ад экспарту нафтапрадуктаў з расейскай сыравіны. Згодна з разлікамі Масквы, выгода Беларусі ад гэтага – каля 4 млрд долараў за год.

Паводле інфармацыі “Ведомостей”, 11 студзеня спотавая цана расейскай нафты “Urals” складала каля 696 долараў за тону ў порце Ротэрдам. Цана, “ачышчаная” ад экспартнагп мыта і “небеларускай” часткі транспартных расходаў, – каля 360 долараў, адзначае аналітык “Банку Масквы” Дзяніс Барысаў. З 1 лютага Беларусь уздыме на 12,5% тарыф на транспартаванне нафты праз сваю тэрыторыю – “у сувязі са змяненнем эканамічных умоваў”. Каб кампенсаваць рост выдаткаў, расейскія кампаніі нібыта вырашылі павысіць цану нафты для Беларусі на 45 долараў за тону.

У першым квартале найбуйнейшыя продажы ў Беларусь планаваў “Лукойл” (1 млн т), “Сургутнефтегаз” (1 млн т) і “Роснефть” (0,9 млн т).

Прэс-сакратар расейскага прэм’ера Дзмітрый Пяскоў заявіў, што “пастаўляе нафту ў Беларусь не дзяржава, а камерцыйныя арганізацыі; урад Расеі, натуральна, не можа ўплываць на камерцыйныя перамовы”. Але калі справа зойдзе ў тупік, “гэта, безумоўна, стане тэмаю для двухбаковых перамоваў”.

belsat.eu

Стужка навінаў