Кінакалекцыя «Белсату»: самыя ўганараваныя стужкі


За пяць гадоў працы «Белсату» на замову каналу знялі больш за сотню дакументальных фільмаў. Палітычная дакументалістыка, біяграфія, культура і музыка, гісторыя і, вядома ж, дакументальныя фільмы ды рэпартажы з паўсядзённага жыцця беларусаў – галоўныя тэмы нашых рэжысёраў-дакументалістаў. Шмат стужак атрымалі ўзнагароды на буйных кінафестывалях і конкурсах. Узгадайма самыя ўганараваныя фільмы!

«Найвышэйшая мера»

Адну з апошніх узнагародаў атрымаў дакументальны фільм «Найвышэйшая мера». Стужку, якую зняў рэжысёр-дакументаліст Сяргей Ісакаў у супрацы з Юліяй Хлашчанковай, адзначылі на конкурсе «Рэпарцёры для рэпарцёраў», зладжаным для журналістаў з дзяржаваў «Усходняга партнёрства».

Гэта фільм пра смяротнае пакаранне, якое дагэтуль выконваецца ў Беларусі. У любой краіне – незалежна ад заканадаўчай сістэмы ды эпохі – заўсёды існуе нейкая імавернасць судовай памылкі, бо расследаванне не можа выключыць розных суб’ектыўных фактараў: прыкладам, паліцэйскіх дручкоў, асаблівага стаўлення органаў да патэнцыйных злачынцаў, карпаратыўных інтарэсаў заканадаўчай сістэмы, агульнай ацэнкі грамадствам максімальнага выраку. Гэта заганнае кола, з якога можна выйсці толькі шляхам скасавання смяротнае кары.



«Каўчэг Заіра Азгура»

Фільм «Каўчэг Заіра Азгура», які ў 2010 г. для «Белсату» зняў Андрэй Куціла, адзначаны адмысловым дыпломам журы фестывалю «Залаты жабрак» (Славаччына).

Звычайная экскурсія па музеі народнага скульптара БССР Заіра Азгура раптам ператвараецца ў люстэрка, дзе мы назіраем не толькі за гісторыяй краіны ў пластыцы мастацкіх вобразаў, але і самі за сабою. Лёгкі дотык дзяцей, жорсткія, недаверлівыя, часам саркастычныя погляды дарослых, замілаваныя або пакрыўджаныя назіранні пенсіянераў ажыўляюць на імгненне скульптуры Леніна, Сталіна, Маркса ды сотні іншых дзеячаў савецкага мінулага.

«Даволі! Да Волі…»

Дакументальны фільм «Даволі! Да Волі…» (рэж. Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла) пра ўдзельнікаў пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. уганаравалі ўзнагародаю публікі за найлепшы дакументальны фільм на кінафестывалі «OFF» у харвацкім горадзе Опузэн. У стужцы Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы – гісторыі беларусаў, якім надакучыла жыць у хлусні. Яны выйшлі на шлях да волі ды трапілі за краты, страцілі працу, перанеслі катаванні.

Зняважаныя нахабна скрадзенымі ў іх галасамі на выбарах прэзідэнта, дзясяткі тысяч беларусаў 19 снежня 2010 г. рушылі па цэнтральным праспекце сталіцы мірнаю дэманстрацыяй пратэсту. Яны, каму надакучыла жыць у хлусні, думалі, што ідуць да Волі. Аднак на Плошчы іх сустрэла сцяна амапаўцаў з дручкамі, шчытамі, аўтазакамі. Для болей як 700 чалавек вынікам таго паходу стала збіццё, содні зняволення, штрафы. А для некалькіх дзясяткаў чалавек шлях да Волі завершыўся за кратамі на доўгія месяцы. Новая сустрэча з імі адбылася праз год пасля тых драматычных падзеяў. І сёння героі фільму працягваюць асэнсоўваць той свой паход да Волі. Кожны мае ва ўяўленні свой вобраз сучаснай Беларусі.

«Архімандрыт»

Дакументальны фільм «Архімандрыт» рэжысёра Юрыя Каліны адзначылі «за аператарскае майстэрства» на XI Міжнародным фестывалі дакументальных фільмаў «Кінолітопіс-2012» у Кіеве. Стужка атрымала першае месца на фестывалі «Покров» (Расея). На фестывалі «Magnificat-2012» працу узнагародзілі за слушнае адлюстраванне ролі святара ў сучасным жыцці.

Фільм распавядае пра архімандрыта Гаўрыіла – праваслаўнага манаха, беларуса з Падляшша ў Польшчы. Ён заснаваў ля ракі Нарвы скіт Кудак, дзе жыў некалькі гадоў у малітвах – без электрычнасці, водаправоду, без сувязі з вонкавым светам. Праз пяць гадоў пасля заснавання «пустэльні» мясцовыя праваслаўныя дапамаглі паставіць там драўляную царкву, дом для манахаў ды іншыя гаспадарчыя пабудовы. Неардынарная асоба манаха-пустэльніка Гаўрыіла прыцягвае паломнікаў, з кожным ён імкнецца знайсці агульную мову.

«Зямля»

Сёлета дакументальны фільм «Зямля» (рэж. Віктар Аслюк), зняты на замову тэлеканалу «Белсат», атрымаў узнагароду на 34-м Міжнародным кінафестывалі «Cinеma du Rеel». Стужка атрымала ўзнагароду «Le Prix International de la Scam» у катэгорыі кароткаметражных замежных дакументальных фільмаў. Беларуская праца канкуравала з дзесяццю іншымі – з усяго свету.

На беларуска-расейскім памежжы вядуць пошук чалавечых парэштак, не пахаваных з Другой сусветнай вайны. За 7 гадоў знайшлі больш за 700 жаўнераў. У 1942 г. тут, у віцебскіх і наўгародскіх лясах, праходзіла лінія фронту, дзе загінулі тысячы савецкіх вайскоўцаў: адзін полк СС знішчыў тры савецкія дывізіі. Страты Чырвонай Арміі падчас пазіцыйнай вайны за наступныя два гады склалі каля 75 %. Капачы едуць сюды за свой кошт, жывуць у палявых умовах, спяць у намётах, харчуюцца кансервамі ды ўвесь дзень прасейваюць брудную зямлю, каб знайсці як мага больш. Праўда, галоўнае, што цікавіць капачоў – металічныя прадметы, што захаваліся лепш за чалавечыя косці… Бо менавіта па іх і можна знайсці загінулых тут жаўнераў, каб аддаць ім апошні доўг: пахаваць па-хрысціянску.

«Днюка»

У 2011 г. дакументальны фільм «Днюка», зняты для «Белсату» Андрэем Куцілам і Аляксандрам Налівайкам, атрымаў першую ўзнагароду IV Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў «Tranzyt» у Познані (Польшча). Стужка ўзнагароджаная ў катэгорыі «Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм».

Фільм «Днюка» здымалі ў вёсцы Лышча ў Пінскім раёне Берасцейскай вобласці. Вельмі маляўнічы ды натуралістычны вобраз мікракосмасу пары людзей старога веку. Часам смешны, часам журботны…

«Тры кіламетры да неба»

Увагі заслугоўвае рэпартаж Вольгі Дашук «Тры кіламетры да неба», што прайшоў адбор на конкурс IX Кішынёўскага міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў «Cronograf», а таксама атрымаў дыплом фестывалю «Magnificat-2011» за найлепшую рэжысуру.

Гэта гісторыя чалавека, які пачаў новае жыццё пасля трагедыі: Андрэй заўсёды быў поўны энергіі; магчыма, гэта ўнутраная сіла штурхнула яго ў вір трагедыі. Улетку 1995 г. ён адправіўся з сябрамі адпачыць у лес, дзе нечакана зваліўся з дрэва. Ужо інвалідам вырашыў стаць іншым чалавекам: пачаў гаварыць на беларускай мове, хоць у сям’і ніхто па-беларуску не размаўляў, цікавіцца гісторыяй ды культураю Беларусі, чытаць кнігі. Ён пачуўся моцнай асобаю, знітаванаю гістарычнаю сувяззю з продкамі – жыхарамі Вялікага княства Літоўскага.

«Лобатамія»

Дакументальны фільм «Лобатамія», зняты Юрыем Хашчавацкім, двойчы ўганаравалі на XXI Міжнародным кінафестывалі «Arsenals» у Рызе. У катэгорыі дакументальных фільмаў змагаліся 26 стужак. Фільм паводле сцэнара і ў рэжысуры выбітнага беларускага дакументаліста Юрыя Хашчавацкага ўзнагародзілі двума прызамі: «за найлепшы балтыйскі фільм» і адмысловаю ўзнагародаю фірмы «Nikon».

«Лобатамія» – гэта ўнікальныя кадры расейска-грузінскага канфлікту 2008 г., якія аўтар атрымаў з МЗС Грузіі. Такою жнівеньская вайна засталася ў памяці грузінскага народу. Аўтар супастаўляе гэтыя здымкі з тым, што бачылі на экранах сваіх тэлевізараў гледачы ў Расеі. Хашчавацкі спрабуе зразумець, чаму жыхары постсавецкіх краінаў гэтак лёгка паддаюцца маніпуляцыям з боку медыяў.

«Рабінзоны Мантсінсаары»

Дакументальная стужка «Рабінзоны Мантсінсаары», знятая тэлеканалам «Белсат» пры ўдзеле партнёраў з Нямеччыны, Фінляндыі ды Францыі, атрымала прыз у катэгорыі «тэлевізійны дакументальны фільм» на прэстыжным берлінскім фестывалі «Prix Europa». У фестывалі ў 13 катэгорыях радыё- і тэлежурналістыкі за ўзнагароды змагаліся больш як 230 празаў з 35 краінаў. Прызы «Prix Europa» для тэлевізійных дакументальных фільмаў фінансуе Еўрапейская камісія.

Востраў у цэнтры вялікага возера, дзе сярод кінутых вайскоўцамі ўмацаванняў, забытых могілак, пустых школаў і хатаў жывуць два апошнія жыхары некалі люднага паселішча – Клюня і Маці. Яны ўжо не маладыя, але замест таго, каб трымаюцца разам, жывуць ва ўзаемнай варожасці, хоць яны грамадзяне краінаў былога Савецкага Саюзу, адзін з іх беларус, а другі – фін.

«Галерэя Ады»

Дакументальна-публіцыстычны фільм рэжысёра Уладзіміра Коласа «Галерэя Ады» атрымаў адмысловы прыз Еўрапарламенту – «Прыз Еўропа» – у намінацыі «Дакументальнае кіно» на Берлінскім міжнародным фестывалі тэлевізійных і радыёпраграмаў. Стужка таксама атрымала прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Нацыянальны характар» на XII Міжнародным фестывалі тэлевізійных праграмаў і фільмаў «Залаты бубен» (Ханты-Мансійск, Расея).

«Галерэя Ады» распавядае гісторыю ўладальніцы невялікай фермерскай гаспадаркі, якая кожны год арганізоўвае мастацкія пленэры. Найлепшыя беларускія мастакі, якія не могуць выстаўляць сваіх працаў у афіцыйных галерэях, раз на год могуць паказаць іх на выставе пасля пленэру. У фільме паказваецца, як нараджаецца спецыфічная лучнасць паміж жыхарамі вёскі ды мастакамі.

Падрыхтаваў Зміцер Ягораў

belsat.eu

Стужка навінаў