Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС пагадзіўся выдаць яшчэ $ 440 млн


Рада антыкрызіснага фонду прыняла справаздачу беларускага Міністэрства фінансаў і пагадзілася пералічыць чарговы транш.

Гэта ўжо чацвёрты транш крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Атрыманыя сродкі выкарыстаюць для стабілізацыі плацежнага балансу.

Пагадненне паміж Беларуссю і Еўразійскім банкам развіцця, які кіруе сродкамі фонду ЕўрАзЭС, пра выдзяленне крэдыту на $ 3 млрд шасцю траншамі падпісалі 9 чэрвеня 2011 года. Першы транш на $ 800 млн пералічылі ў Беларусь 21 чэрвеня 2011 года, яшчэ $ 440 млн – у снежні 2011-га. Сёлета Беларусь павінна атрымаць два траншы па $ 440 млн кожны. Трэці транш прынялі ў чэрвені ды залічалі ў золата-валютныя рэзервы краіны.

Улетку Беларусь скіравала ліст на адрас Антыкрызіснага фонду з просьбаю выдаць чарговы транш. Пры гэтым улады забавязаліся «працягнуць павышэнне золата-валютных рэзерваў дзяржавы да ўзроўню, які запэўнівае эканамічную бяспеку краіны», ды ўтрымліваць жорсткую бюджэтную палітыку. У тым ліку – павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі да ўзроўню, які будзе пакрываць іх сабекошт на 35 % (паводле падлікаў Фонду, на момант атрымання ліста гэты паказнік складаў 23 %), узняць кошты на праезд у грамадскім транспарце, утрымаць на ўзроўні 2011 года выдаткі на заробкі бюджэтнікаў ды абмежаваць крэдытаванне дзяржпраграмаў.

Паводле заяваў міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца, палітыка «заціскання паясоў» працягнецца. «Мы прымем на сябе абавязкі ў межах наступных дзеянняў – на працяг жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, бюджэтнай палітыкі. Па сутнасці для нас акрамя фіскальнай цікавасці праграма з Фондам важная як інструмент правядзення акуратнай макраэканамічнай палітыкі ў эканоміцы краіны», – прыводзіць БелТА словы чыноўніка па выніках сустрэчы Рады антыкрызіснага фонду.

Зміцер Ягораў

belsat.eu

Стужка навінаў