Ператрус у журналісткі “Белсату”


Працаўнікі КДБ правялі ператрус у доме гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай. “Гэта помста за маю дзейнасць”, – лічыць журналістка.

Каля 15-й гадзіны службоўцы КДБ уварваліся ў кватэру Ларысы Шчыраковай з ордэрам на вобшук. Ператрус доўжыўся каля чатырох гадзінаў. Сканфіскавалі камп’ютары, дыктафон, відэакамеру і нават mp3-плэер. Паводле журналісткі, супрацоўнікі КДБ былі здзіўленыя тым, што яна не сочыць за імі, адзін з іх нават спытаў: “Чаму вы за намі не ходзіце? Раптам мы вам штосці падкінем”.

Афіцыйнаю падставаю працаўнікі КДБ назвалі расследаванне справы аб масавых беспарадках 19 снежня. “Гэта абсурд, бо я ніякага дачынення да Плошчы не мела, – кажа журналістка. – Я думаю, што гэта проста помста за маю журналісцкую і грамадскую дзейнасць”. Службоўцы КДБ уручылі Ларысе Шчыраковай позву на допыт, што мае адбыцца заўтра.

Раней, 26 снежня, працаўнікі КДБ уварваліся ў менскі офіс “Белсату”, але на момант нападу ў памяшканні нікога не было – журналісты разам з тэхнікаю і абсталяваннем выехалі на некалькі дзён раней.

Ператрус у журналісткі “Белсату” таксама можа адбывацца ў межах пераследу шэрагу грамадскіх актывістаў Гомля – на 12 студзеня прызначаны шэраг допытаў у КДБ. У прыватнасці, позвы атрымалі старшыня абласной арганізацыі руху “За Свабоду” Пётр Кузняцоў, мясцовы лідар незалежнага прафсаюзу Віктар Казлоў, актывісты ў справе стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Арцём Хмяльніцкі ды Алесь Сівакоў.

belsat.eu

Стужка навінаў