«Арт-сядзібу» зноў выганяюць з памяшкання, не даўшы адчыніцца


Сёння сарвалася ўрачыстае адкрыццё. Прадпрыемства, якое прытуліла культурніцкую ўстанову, спасылаецца на «экстрэмальнасць сітуацыі».

Адкрытай культурнай пляцоўцы «Арт-сядзіба» ўдалося заключыць згоду на арэнду чарговага, ужо трэцяга памяшкання з арганізацыяй «РэфОйлПрадукт». Яно месціцца на зав. Масквіна 4 (прадпрыемства наймае плошчу ў ААТ «Сукно»). Дакумент падпісаны 20 лістапада, на некалькі гадоў; за арэнду заплацілі на некалькі месяцаў наперад.

На ўрачыстым адкрыцці “Арт-Сядзібы” 6 снежня меліся выступіць: — гурт «Green Pills» (vk.com/greenpills) — Пётра Клюеў (vk.com/klueuband) — Сяргей Башлыкевіч (vk.com/bashlykevich) — Аляксандр Крупіна (http://vk.com/alexanderkrupina) — Павал Белавус (вершы) — Яна Еўдакімовіч (vk.com/id16972291)

Як распавёў «Белсату» дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус, напярэдадні адкрыцця прадпрыемствам «РэфОйлПрадукт» адначасова зацікавіліся прадстаўнікі МНС, адміністрацыі Цэнтральнага раёну сталіцы і ўпраўлення ідэалагічнай працы гарвыканкаму. Працаўнікі санітарных службаў паспелі выпісаць штраф, хоць у памяшканні нядаўна зроблены рамонт. Апошняю кропляю быў афіцыйны ліст ад асноўнага арэндадаўцы – прадпрыемства «Сукно» – пра тое, што квадратныя метры, вылучаныя «Арт-сядзібе», тэрмінова спатрэбіліся яму самому.

У выніку «РэфОйлПрадукт» папрасіў не праводзіць урачыстага адкрыцця, спаслаўшыся на «экстрэмальнасць сітуацыі».

Нагадаем, што апошні канцэрт , зладжаны «Арт-сядзібаю» ў будынку заводу «Гарызонт» прайшоў 12 ліпеня. Тады ўлады забралі памяшканне з афіцыйнаю фармулёўкаю: «яно не прызначанае для правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў». Напрыканцы верасня адкрытая культурная пляцоўка гэтак і не змагла распачаць дзейнасці па новым адрасе: пр. Пушкіна 28а. Дзверы ў памяшканне апячаталі прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

«Калі нас выганялі з першага памяшкання, мы думалі, што праблема ў «Гарызонце». Другі раз – што ў Лявоне Вольскім, якога ўнеслі ў «чорны спіс». Але цяпер мы дакладна ведаем, што праблема – ва ўпраўленні ідэалогіі Менгарвыканкаму», – зазначае Павал Белавус.

Па трэцім адрасе «Арт-сядзіба» паспела зладзіць усяго адную імпрэзу – Дзень валанцёра. Учора на яе сабраліся людзі, якія дапамагаюць дзецям-сіротам. У плане на бліжэйшы час значыліся ўжо болей за дзесяць імпрэзаў, у тым ліку – прэзентацыя часопісу і літаратурныя вечарыны.

Кіраўніцтва адкрытай культурнай пляцоўкі мае звярнуцца па тлумачэнні ў дзяржаўныя ўстановы.

Аліна Кашкевіч

belsat.eu

Стужка навінаў