У Ціхана і Ятчанкі забіраюць афінскія медалі


Міжнародны Алімпійскі камітэт абвесціў сваё рашэнне пазбавіць узнагарадаў чатырох пераможцаў Алімпійскіх гульняў 2004 г. Сярод іх кідальнік молата Іван Ціхан ды кідальніца дыска Ірына Ятчанка.

На алімпійскіх гульнях у Афінах гэтыя атлеты заваявалі адпаведна срэбны і бронзавы медалі ў сваіх дысцыплінах. Паводле МАК, допінг-пробы беларускіх спартоўцаў пацвердзілі ўжыванне забароненых прэпаратаў.

Аддаць свае медалі маюць таксама ўкраінец Юрый Беланог і расейка Святлана Крывелева (штурханне ядра).

МАК заклікаў Нацыянальныя камітэты Беларусі, Расеі ды Украіны як мага хучэй вярнуць медалі ды сертыфікаты спартоўцаў, якіх прызналі вінаватымі ў выкарыстанні допінгу.

Раней трохразовы чэмпіён свету Іван Ціхан таксама страціў свой бронзавы медаль, заваяваны на Алімпіядзе-2008 у Пекіне, але гэтае рашэнне было адмененае ў Спартовым арбітражным судзе ў звязку з працэдурнаю памылкаю лабараторыі.

Зміцер Ягораў
belsat.eu

Стужка навінаў