Шчукін: Высяленне людзей з хатаў на холад – свінства


Гэтымі днямі ў вёсцы Паўлавічы, якая месціцца на ўскраіне Віцебску, ударнымі тэмпамі пачалі раскідаць хаты і высякаць сады.

Як паведаміў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску Міхаіл Атаеў, вёску адсялілі яшчэ ў 1992 годзе згодна з рашэннем гарвыканкаму. Усе яе жыхары атрымалі кватэры, і цяпер тут ніхто не прапісаны, няма ніводнага прыватнага ўладальніка зямельных надзелаў. Чаму знос вёскі пачаўся толькі праз 20 гадоў, чыноўнік растлумачыць не змог.

{movie}Шчукін: Высяленне людзей з хатаў на холад – свінства|right|7903{/movie}Жыхары, якія дагэтуль ўсё ж былі ў вёсцы, кажуць, што раптоўнае разбурэнне пабудоваў звязанае з візітам у Віцебск Лукашэнкі. Гарадскія ўлады баяцца, каб прэзідэнт не пабачыў старых дамоў на ўскраіне гораду. Вяскоўцаў жа без папярэджання пра высяленне практычна выкінулі з дамоў на зімовы холад.

Праваабаронца Валерый Шчукін зазначае: такія паводзіны ўладаў нельга назваць інакш, як свінствам. Паводле яго, для высялення жыхароў вёскі мусіць быць пастанова суда, а ажыццяўляць саму працэдуру павінны судовыя выканаўцы. «Калі высяленне праводзіць прадстаўнік гарвыканкаму, то гэта з самага пачатку ўжо незаконна», – лічыць Шчукін.

На ягоную думку, дзяржаўныя службоўцы ў Беларусі зусім не зважаюць на інтарэсы грамадзянаў, бо не залежаць ад насельніцтва. «Чыноўнікам да лямпачкі, што пра іх думае народ. Яны не залежаць ад народу, а ад Лукашэнкі ці ад кіраўніка вобласці, раёну і гэтак далей», – падкрэслівае праваабаронца.

Паводле Шчукіна, чынавенства не ў стане думаць і вырашаць самастойна, бо ўсё вырашаецца зверху. «Калі Лукашэнка сыдзе, пачнецца невядома што, бо чыноўнікі не тое што не ўмеюць – яны не прывучаныя прымаць рашэнні», – адзначае Валерый Шчукін.

belsat.eu

Стужка навінаў