Цэнтральная выбарчая камісія выступіла з прапановаю не даваць дзяржаўных грошай на агітацыю і прыбраць з Выбарчага кодэксу норму пра байкот.
«Нам ужо час пераходзіць ад патрыярхальных нораваў, якія ў нас існуюць, а менавіта – ад суцэльнага масавага бюджэтнага фінансавання выбараў, калі ўсё робіцца за кошт улады, а кандыдаты ігнаруюць магчымасць ствараць фінансавыя фонды», – заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Адпаведныя прапановы Цэнтральная выбарчая камісія скіравала кіраўніку краіны. Сярод іх наступная: даць права вылучаць кандыдатаў рэспубліканскім грамадскім аб’яднанням, якія налічваюць больш за тысячу сябраў.
ЦВК таксама лічыць мэтазгодным выкрасліць з артыкулу Выбарчага кодэксу, які датычыць правядзення перадвыбарнай агітацыі, норму пра байкот выбараў. На думку ЦВК, агітацыя за байкот мусіць рэгулявацца не выбарчым заканадаўствам, а законам аб масавых акцыях.
Цэнтрвыбаркам стаіць за павелічэнне памераў асабістых фінансавых выбарных фондаў кандыдатаў у дэпутаты парламенту і кандыдатаў на прэзідэнцтва, а таксама даць магчымасць іх адкрыцця кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў.
На думку Цэнтрвыбаркаму, падчас агітацыйнай кампаніі можна адмовіцца ад фінансавання з бюджэтных сродкаў вырабу агітацыйных улётак кандыдатаў. Таксама ЦВК лічыць магчымым не праводзіць дэбатаў на радыё, пакінуўшы іх толькі на тэлебачанні.
У ЦВК не выключаюць, што змены ў выбарчым заканадаўстве могуць быць прынятыя да чарговых выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, якія пройдуць не пазней як 23 сакавіка 2014 года.
belsat.eu