Расея: паразіты, якія прыехалі з Беларусі, маглі знішчыць да 80 % ураджаю


Рассельгаснагляд вінаваціць беларускіх мытнікаў у тым, што яны не правяраюць расліны і насенне, якія трапляюць у Расею. Беларусь мусіць кантраляваць грузы, бо ўвайшла ў Мытны саюз.

У звязку з гэтым Рассельгаснагляд накіраваў скаргу ў амбасаду Беларусі ў Маскве. Яна датычыць як прадукцыі, што едзе з трэціх краінаў транзітам праз нашую краіну, гэтак і вырабленай у Беларусі. 6 снежня ў Менску маюць прайсці перамовы паміж Рассельгаснаглядам і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Беларусі.

«Атрымліваецца, што фітасанітарны кантроль у Беларусі практычна не ажыццяўляюць. З пачатку 2012 г. мы выявілі 9 тыс. машынаў, у якіх пломбы, напрыклад, латвійскія або польскія, апынуліся не парушанымі», – заявіў памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка. У Расеі ў адпаведнасці з заканадаўствам кантроль праводзяць выбарачна.

З пачатку года нашыя ўсходнія суседзі 894 разы знаходзілі паразітаў (усяго дзевяць відаў), якія маглі нанесці значную шкоду раслінам. Да прыкладу, заражэнне бульбы і таматаў залацістаю бульбянаю нематодаю прыводзіць да страты 30–80 % ўраджаю. Апрача яе ў Расею прыехалі шкоднікі цяплічных раслінаў, на якіх не дзеюць інсектыцыды. У 2004 г. акурат з-за такога шкодніка быў прыпынены ўвоз кветак з некаторых краінаў Заходняй Еўропы.

Пры горшым сцэнары развіцця падзеяў шкода можа скласці да 480 млрд рас. руб. на год, кажуць у Рассельгаснаглядзе. Беларускі бок лічыць прэтэнзіі неабгрунтаванымі, але дэкларуе гатоўнасць да перамоваў.

belsat.eu паводле izvestia.ru

Стужка навінаў