Еўрапейскі часопіс параўнаў стан беларускай мовы з сітуацыяй гэльскай у Шатландыі


Шматмоўны еўрапейскі інтэрнэт-часопіс «Cafebabel.com» публікуе матэрыялы, прысвечаныя моўнаму пытанню ў Беларусі.

«Маладыя музыкі, паэты і пісьменнікі ўсё яшчэ спрабуюць размаўляць па-беларуску, а не на больш папулярнай расейскай», – зазначаецца ў артыкуле пад назваю «Страчанае мастацтва размаўляць па-беларуску ў Беларусі».

Часопіс нагадвае, што ў 1991 годзе, калі нашая краіна атрымала незалежнасць, дзяржаўнаю моваю была адна – нацыянальная. «Пакуль у 1994 годзе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не прыйшоў да ўлады», – удакладняе выданне.

А ўжо з 1995 года Беларусь мае дзве афіцыйныя мовы – «пад уплывам свайго суседа справа», лічыць «Cafebabel.com».

Аўтар артыкулу называе па-англійску нашую мову «Belaroosian». «Назва дае падставы для імперскіх замахаў, але расейскае спадчыны тут няма», – піша Набійля Шабір (Nabeelah Shabbir).

Даведка

«Cafebabel.com» – першы шматмоўны еўрапейскі інтэрнэт-часопіс, рэдакцыя якога месціцца ў Парыжы. Выданне мае шэсць моўных версіяў. Сваёй місіяй яно бачыць «стымуляванне і развіццё еўрапейскай грамадскай думкі».

Аўтарка матэрыялу «Страчанае мастацтва размаўляць па-беларуску ў Беларусі» Набійля Шабір – журналістка з Пакістану, якая вядзе англійскамоўную версію выдання. Яна вучылася ў Ангельшчыне і Нямеччыне, жыла таксама ў Бельгіі, а цяпер спынілася ў Францыі. Вандравала па Кашміры і Паўднёвай Амерыцы.

Беларускую практыкуе малая частка насельніцтва – паводле журналісткі, гэта «параўнальна з ўжываннем гэльскай мовы ў Шатландыі». Аўтарка заўважае і розніцу паміж дзяржаўнаю і незалежнаю беларускаю статыстыкаю: першая называе тут лічбу 20 %, тады як другая – толькі 3–5 %.

Беларусы сталі трымацца ў баку ад роднае мовы яшчэ з пасляваенных часоў, калі эканамічныя ўмовы вымусілі іх пакінуць свой край і шукаць працы ў Расеі, піша аўтарка матэрыялу. «Чаму маладыя людзі размаўляюць на ёй, калі іхныя дзядулі ды бабулі гэтага не робяць?» – пытаецца Набійля Шабір.

Беларусам, якія размаўляюць па-беларуску, трэба мець у галаве «пераключальнік» з адной дзяржаўнай мовы на другую. Такую выснову журналістка зрабіла, паразмаўляўшы з жыхарамі нашае краіны. Напрыклад, гэта 25-гадовы Алесь Герасіменка, працаўнік беларускамоўнага інтэрнэт-штодзённіку «Generation.by», і калумністка афіцыйнай беларускамоўнай газеты «Звязда» Воля Чайкоўская.

belsat.eu

Стужка навінаў