Мікалая Дзядка перавядуць з калоніі ў турму


Асуджаны на чатыры з паловай года калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у акцыях анархістаў актывіст, будзе пераведзены з калоніі ў турму. Такое рашэнне прынята 4 снежня на выязным пасяджэнні суда ў шклоўскай калоніі № 17.

Аляксандр Дзядок, бацька асуджанага, атрымаў гэтую інфармацыю ад адваката, але падрабязнасцяў суда ён пакуль не ведае.

Раней у лісце свайму сябру Аляксандру Ярашэвічу Мікалай Дзядок паведаміў, што згодна з пастановаю камісіі, якая засядала ў калоніі, ён «не стаў на шлях выпраўлення і працягвае згубна ўплываць» на іншых зняволеных. У звязку з гэтым камісія пастанавіла накіраваць справу Дзядка ў суд, які меўся вырашыць пытанне пераводу зняволенага ў турму строгага рэжыму.

Паводле інфармацыі Ярашэвіча, Дзядок у калоніі атрымаў 22 спагнанні. Дзеянні адміністрацыі калоніі ў дачыненні асуджанага Ярашэвіч звязвае з тым, што Мікалай адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта Беларусі ды працягвае заяўляць пра сваю невінаватасць.

Мікалая Дзядка, а таксама Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Максіма Веткіна і Яўгена Селівончыка, якія праходзілі з ім у «справе анархістаў», суд Заводскага раёну Менску 27 траўня 2011 года прызнаў вінаватымі ў злачынствах, прадугледжаных ч. 2 арт. 339 (зацятае хуліганства) і чч. 2 і 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) Крымінальнага кодэксу. Ім інкрымінавалі напады на будынкі ды падпалы, сярод іншага правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнаю сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Апазіцыйныя і праваабарончыя арганізацыі лічаць Мікалая Дзядка палітзняволеным.

belsat.eu

Стужка навінаў