Уладзімір Колас: Трэба супрацьстаяць хвалі дэзінфармацыі з дзяржаўных СМІ


Адной з галоўных задачаў новастворанай Нацыянальнай каардынацыйнай рады грамадскі дзеяч Уладзімір Колас называе інфармаванне аб тым, што адбылося 19 снежня на плошчы Незалежнасці. “А адбылася правакацыя ў дачыненні грамадзянаў, якія мірна выказвалі свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў”, – падкрэсліў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі.

Тым часам галоўная задача Каардынацыйнай рады – вызваленне людзей, пацярпелых падчас хвалі рэпрэсіяў, якая пачалася летась 19 снежня, ды аб’яднанне дэмакратычных сілаў. “Сённяшні ўзровень кансалідацыі дэмакратычных сілаў пакідае жадаць лепшага, – кажа Уладзімір Колас. – Ёсць нейкія амбіцыі, што не дазваляюць дасягнуць кансалідацыі, ёсць пэўныя асобы і арганізацыі, што займаюць дэструктыўную пазіцыю. Сваю ролю ў гэтым камітэце мы бачым у тым, каб пазбегнуць дэструктыўных момантаў і паспрабаваць стварыць нармальны жыццяздольны арганізм”. На думку Уладзіміра Коласа, гэта будзе магчыма, калі будзе створаны рэгламент і вызначаны каардынатар гэтай структуры.

Адказваючы на пытанне аб тым, якую дапамогу Каардынацыйная рада плануе аказваць студэнтам, якім пагражаюць выключэннем з ВНУ за ўдзел у акцыі 19 снежня, Уладзімір Колас падкрэсліў: “У самой краіне паўплываць на гэту сітуацыю, па-мойму, пакуль немагчыма без якога-небудзь націску ці дапамогі звонку. Будзем ствараць магчымасці навучання калі не ў Беларусі, дык за мяжою. Традыцыйна першая краіна, якая працягвае руку дапамогі, – гэта Польшча. Але цяпер шмат хто з чальцоў нашай рады знаходзяцца ў розных краінах Еўропы і актыўна вядуць перамовы наконт гэтага. Таму ёсць надзея, што і іншыя краіны ЕЗ будуць аказваць дапамогу”.

belsat.eu

Стужка навінаў