Лісты Дашкевіча ў турме спальваюць


Пра гэта палітвязень паведаміў Таццяне Севярынец.

Лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч лістуецца са шмат кім з людзей на волі. “З апошняга ліста ад Зміцера нарэшце стала зразумела, чаму мне так доўга не было адказу”, – распавяла віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

«Атрымала ліст, датаваны 27 лістапада. Чытаю ў ім: «Яшчэ раз гатовы вітаць вас. Яшчэ раз, бо перад гэтым мой ліст да вас быў спалены. Кажуць, што дужа халодна было ў турме, а згодна з дэкрэтам аб энергаэканоміі, сагравацца мусяць усе падручнымі сродкамі. Вось тут лісты мае і пайшлі ў ход». Так піша Зміцер Дашкевіч. Але можна меркаваць, што «на распал» пусцілі лісты і ад іншых зняволеных», – мяркуе спадарыня Тацяна.

Муж актывісткі, паэт Кастусь Севярынец, бацька зняволенага палітыка Паўла Севярынца, часта дадае да лістоў палітзняволеным колькі паэтычных радкоў. Гэтым разам для Змітра Дашкевіча ён напісаў:

Мы будзем верыць: прыйдзе вольны час,

І цэрберы адправяцца на звалку.

А ўсе лісты, што адабралі ў нас,

З сабою ў пекла возьмуць. На распалку.

Учора ж стала вядома, што насіць шапку з натуральнага футра, каб сагрэцца, палітвязню ў гарадзенскай турме забаранілі.

«З навінаў – тое, што атрымаў ад мяне рэчавую перадачу, якая, спадзяюся, будзе вельмі карысная да зімы: швэдар, бялізна, пральны парашок, каб можна было нешта памыць у камеры. Таксама мыла, зубная паста. Адзінае маё расчараванне было ў тым, што не ўзялі зімовай шапкі, бо з натуральнага футра. Сказалі, што калі была б з штучнага, то ўзялі б. Потым Зміцер праз адваката патлумачыў чаму. Аказваецца, шапка з натуральнага футра ўяўляе з сябе пэўную каштоўнасць, а са штучнага – не. Маўляў, раптам нехта з вязняў яе скрадзе», – распавяла для радыё «Свабода» нявеста палітвязня Наста Палажанка.

belsat.eu

Стужка навінаў