Дырэктарка «Белсату»: Часам жаданне прадэманстраваць сваю рацыю мацнейшае за здаровы сэнс


Выданне “Наша ніва” апублікавала інтэрв’ю Наталкі Бабінай з дырэктаркай канала Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

Наталка Бабіна: Пачну з прыватнага. Як глядачка, якая рэгулярна глядзіць канал і ўсім сэрцам жадае яму поспеху, маю дзве канкрэтныя прэтэнзіі да «Белсату». Першае, што выклікае ў мяне пэўнае непрыманне, – гэта мова каналу. Мне здаецца, важна, каб мова на канале была прыгожая і ясная, каб яна прываблівала. А мне часта мова перадачаў падаецца штучнаю, занадта ўжо «кніжнаю», не такою, якую я чую ў школе, дзе вучацца мае дзеці, або ад носьбітаў мовы ў вёсцы, дзе я жыву.

Агнешка Рамашэўская-Гузы: Гэта важная праблема, але і вельмі цяжкая для мяне асабіста. У гэтым пытанні я не магу мець свайго дакладнага пункту гледжання, бо не ведаю беларускай мовы да такой ступені, каб ацаніць яе стыль, каб ацаніць, калі лепш казаць «ровар», а калі «веласіпед». Але я цалкам згодная, што з тэлевізара павінна гучаць мова, максімальна набліжаная да той, якой гавораць у Беларусі.

Беларуская мова цяпер пад такою пагрозаю, што нельга забаўляцца ў нейкія гульні з архаізмамі. Цалкам згодная, што мова павінна быць максімальна зразумелая.

Але для некаторых людзей іхныя ўяўленні пра мову – самыя правільныя, і выкараніць іх можна, толькі вырваўшы разам з сэрцам. І варта на хвілінку адвярнуцца – і чарговы фільм зноў перакладзены не так, як хацелася б…

У нас ёсць моўная рэдакцыя, яе ўзначальвае Зміцер Саўка, і ён пільнуе, каб мова інфармацыі ды публіцыстыкі была адпаведная таму, што ён лічыць правільным.

НБ: Але калі ў серыяле «Пуаро» зразумелае ўсім беларусам слова «міс» перакладаюць як «спадарычна», то гэта так ужо прыцягне гледачоў да мовы…



АР-Г: У справах беларускай мовы часам рэдактары бываюць вельмі эмацыйныя. Нядаўна быў выпадак, калі для польскага каналу трэ было перакласці на польскую вельмі добры фільм «Страх у краіне спакою». І калегі настаялі, каб прозвішчы ў цітрах пісаліся не па-польску, але беларускаю лацінкаю. У выніку вядомае ў Польшчы і зразумелае прозвішча «Шушкевіч» гучала для палякаў як «Сускевіц»… Часам жаданне прадэманстраваць сваю рацыю бывае мацнейшае за здаровы сэнс…

НБ: Чаго яшчэ не стае мне як гледачу – дык гэта відовішчнасці, шоу. Ці плануе «Белсат» рабіць забаўляльныя перадачы, папулярныя ў падлеткаў, тыпу «Украіна мае талент» або «Фабрыка зорак»?



АР-Г: Не, бо гэта страшна дорага каштуе. На жаль, нашая самая вялікая праблема – грошы. 1,2 млн злотых складае толькі плата за карыстанне спадарожнікам. А на спадарожнік трэба даслаць – гэта чарговыя некалькі сотняў тысяч злотых. Тэлевізійнае абсталяванне, закуп праграмаў – гэта ўсё грошы. Хаця трэба прызнаць, што ў параўнанні з польскімі каналамі наш канал выдаткоўвае вельмі мала.



Увесь наш бюджэт – каля 6 млн еўраў на год. Для параўнання, нямецкі канал для замежнікаў «Deutsche Welle» каштуе ў 10 разоў больш – каля 60 млн еўраў на год.

Канал «Polonia» каштаваў удвая больш, пры тым, што ён не прадукаваў сваёй інфармацыі. Тэлебачанне – штука дарагая. Я проста марыла б пра тое, каб ствараць свае серыялы, мастацкія фільмы. Але каб стварыць серыял на некалькі серыяў, трэба столькі ж грошай, колькі складае гадавы бюджэт «Белсату». Такія шоу, як вы назвалі, таксама каштуюць дорага – каля 20 тыс. еўраў кожнае выданне. Акрамя таго, адкуль узяць гасцей і вялікую студыю ў Беларусі?

НБ: Як Вы думаеце, ці глядзяць ваш канал чыноўнікі высокага рангу ў Беларусі?



АР-Г: Ці глядзіць наш канал Лукашэнка – не ведаю. Можа, і не. Можа, яму не паказваюць, каб не расстройваць (смяецца).

НБ: Па дзесяцібальнай сістэме якую б адзнаку паставілі «Белсату»?



АР-Г: Моцную шасцёрку. Ёсць праграмы на дзясятку, ёсць і на троечку, а ўвогуле – моцная шасцёрка.

НБ: Вы ўвогуле з аптымізмам гледзіце ў будучыню? У будучыню Беларусі і «Белсату»?



АР-Г: Так, я чалавек, які бачыў цуд, таму гляджу ў будучыню з аптымізмам.

Я жыла ў камуністычнай Польшчы і думала, што гэта ніколі не скончыцца. А гэта скончылася за два гады.

Таму я веру ў цуды. У Беларусі кепскае геапалітычнае становішча, яна ўва ўсіх сэнсах – у ценю Расіі. Але кожны год дзяржаўнасці, незалежнасці, кожны год, калі беларусы адчуваюць сябе беларусамі, а не невядома кім – гэта станоўчы год, гэта крок да аптымізму.

НБ: Вы вельмі заняты чалавек, ваш працоўны графік вельмі напружаны. Так што напрыканцы пытанне ад чытачак «Нашай Нівы». Як сумяшчаеце працу з хатняю гаспадаркаю? Можаце падзяліцца любімым рэцэптам?



АР-Г: Я гісторык з адукацыі, таму мне падабаюцца рэцэпты з «Кухаркі літоўскай». Адзін з любімых рэцэптаў – запараная дражджавая бабка. Але яна стала ў мяне выходзіць бездакорна толькі праз 12 гадоў пасля таго, як я пачала яе рабіць. Нягледзячы на няўдачы, я не здавалася, спрабавала кожны год. Нарэшце я яе трохі мадэрнізавала, адкрыла, што, напрыклад, у ХІХ ст. дрожджы былі значна слабейшыя, вадкія, а не цвёрдыя, і таму ў нашыя часы трэба дадаваць іх на 1/3 менш; мука цяпер сушэйшая, не са старога млына, таму трэба нашмат больш малака, чымся ў старым рэцэпце. Дадаю ў два разы менш яек, яйкі (каля 30 жаўткоў на 1 літр мукі) і цеста ўзбіваю не ўручную цягам гадзіны, а міксерам дваццаць хвілінаў… Агулам колькасць інгрэдыентаў з рэцэпту павінна дзяліцца на тры або на палову, бо хто цяпер мае сям’ю на 15 чалавек, каб з’есці такі піражыска?

А вось больш сучасная страва, рататуй з асенняй гародніны, учора мы менавіта яго елі. Страва якраз для занятай жанчыны: вяртаешся з працы, садзіш мужа рэзаць гародніну, потым усё на патэльню – і страва гатовая! (смяецца)

***

Рэцэпты ад дырэктаркі каналу «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы

Бабка запараная (з кнігі В. Завадскай «Кухарка літоўская»)

3–3,5 л мукі, 1 л малака, 175 г дражджэй, 800 г цукру, 1,5 л жаўткоў, трохі солі, 0,5 шклянкі разынак, скурка апельсіна, 3 шклянкі топленага масла.

1,5 л мукі запарыць трыма шклянкамі малака і расціраць лыжкаю, каб не было камячкоў і каб астыла. Узбіць да белага колеру жаўткі з дробным цукрам, уліць гэта ў цеста, моцна вымешаць, уліць дрожджы, размяшаць і паставіць у цёплае месца, каб падышло. Калі падыдзе, усыпаць трохі солі, разынкі, дадаць парэзаную скурку апельсіна і мясіць доўга; у канцы ўліць топленае масла, усыпаць мукі столькі, каб цеста было такой густаты, як на лёгкія бабкі, выбіваць цэлую гадзіну, паставіць, каб падышло, вымешаць, уліваць па трэцяй частцы ў формы, а калі настолькі падыдзе, што формы будуць амаль поўныя, паставіць у гарачую печ на 1 гадзіну 15 хвілінаў.

Рататуй

2 цыбулі, 4 папрыкі, 6 памідораў, 2 невялічкія кабачкі, 1 зубчык часнаку, 100 г кілбасы, кроп.



Цыбулю пакроіць колцамі, салодкі перац – паскамі, памідоры апарыць гарачаю вадой і абабраць скурку, кабачкі парэзаць кубікамі. Падсмажыць на аліўкавым алеі цыбулю да празрыстасці, дадаць памідоры, папрыку, патушыць, пакуль не выпарыцца трохі вадкасць, потым загусціць, дадаўшы кабачкі, і патушыць да гатоўнасці. У канцы можна дадаць парэзаную кілбаску, здробнены часнок, пасыпаць кропам і падаць з добрым свежым хлебам.

***

Агнешка Рамашэўская-Гузы працуе дырэктаркаю «Белсату» з 2007 г. Самым вялікім дасягненнем лічыць тое, што канал існуе, бо, «сказаць па шчырасці, сама не верыла, што канал будзе». У снежні 2005 г. яе пазбавілі акрэдытацыі ды выслалі з Беларусі. Калі яна сядзела ў менскім аэрапорце і чакала дэпартацыі, у яе і ўзнікла ідэя каналу. Вось і стварылі, кажа Агнешка Рамашэўская-Гузы, «такі праект «Ну, погоди!» для Лукашэнкі». «Мы адразу вырашылі, што будзем шукаць людзей без журналісцкага досведу, але з жаданнем працаваць, – расказвае яна. – Памятаю, як у 2006 г. я спытала ў Алеся Залеўскага пры першай сустрэчы: «Колькі Вам гадоў?» А ён адказвае: «Ну, хутка 20…» А цяпер мы маем вельмі прафесійны калектыў». «Важна памятаць, што журналісты «Белсату» рызыкуюць, – кажа яна. – І трэба знайсці людзей, згодных рызыкаваць. Мы ж не можам зняць гэтыя рызыкі, і журналісты гэта разумеюць».

Стужка навінаў