Еўропа вагаецца ў справе Беларусі


Польшча, Нямеччына, Швецыя і Брытанія мяркуюць, што рэакцыя на беларускія падзеі мае быць жорсткаю. Італія выступае супраць такога падыходу. Яе меркаванне падзяляюць Партугалія ды Іспанія.

Нарада дыпламатаў краінаў ЕЗ прайшла 7 студзеня ў Бруселі. На ёй абмяркоўвалася пытанне ўвядзення санкцыяў Еўразвязу супраць Лукашэнкі ды іншых беларускіх чыноўнікаў, адказных за збіванне і арышты апазіцыйных кандыдатаў і дэманстрантаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, паведамляе выданне “EUobserver”. Паводле інфармацыі сайту, спіс беларускіх афіцыйных асобаў, якія страцяць права на ўезд у краіны Еўразвязу, можа пашырыцца да больш як сотні чалавек.

Палітолаг Андрэй Фёдараў мяркуе, што хутчэй за ўсё мараторый на ўезд беларускіх чыноўнікаў у Еўропу будзе ўведзены, і гэта пацягне сур’ёзныя праблемы ўдзелу Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”, аднак цалкам адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам не спыняцца. “Але таго ўзроўню добразычлівых адносінаў, якія мы назіралі цягам усяго мінулага года, без сур’ёзных крокаў з боку афіцыйнага Менску чакаць не даводзіцца”, – падкрэслівае Андрэй Фёдараў.

На наступным тыдні дыпламаты ЕЗ працягнуць абмяркоўваць пытанне санкцыяў супраць Беларусі. Канчатковае рашэнне адносна ўжывання санкцыяў прымуць 31 студзеня, падчас першай планавай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў Еўразвязу. Для ўвядзення карных захадаў патрабуецца згода ўсіх 27 краінаў ЕЗ.

belsat.eu

Стужка навінаў