Кастусёў заклікаў Філарэта "узняць свой голас у абарону справядлівасці"


Экс-кандыдат на прэзідэнта, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прапанаваў мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі заклікаць улады да вызвалення ўсіх зняволеных паводле палітычных матываў і да спынення рэпрэсіяў. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце ад імя палітыка, апублікаваным на сайце Партыі БНФ.

“Як вы ведаеце, сёлета светлы дзень Раства ў Беларусі азмрочаны ўжо дваццаццю днямі гвалту дзяржавы супраць грамадзянаў, маштаб якога нечуваны з савецкіх часоў, і які перайшоў усялякія межы здаровага сэнсу, справядлівасці і маралі”, – гаворыцца ў лісце.

Паводле Кастусёва, “немагчыма апраўдаць пабітымі шклянымі дзвярамі мэтанакіраванае збіццё соцень мірных грамадзянаў (у тым ліку жанчын і пажылых людзей), “канвеерныя” прысуды на падставе напісаных пад капірку пратаколаў, адмовы ў аказанні медычнай дапамогі пацярпелым, бясконцы шэраг ператрусаў, затрыманняў, арыштаў, пагрозаў”.

“Немагчыма апраўдаць утрыманне за кратамі людзей, якія не толькі не маюць дачынення да хоць якога гвалту ў падзеях 19 снежня 2010 г., але і спрабавалі спыніць яго – і сведкамі гэтага ёсць літаральна тысячы людзей, якія бачылі ўсё на свае вочы. Бесчалавечна, калі людзям, у дадатак да несправядлівага пазбаўлення волі, яшчэ і беспадстаўна адмаўляюць у магчымасці спаткацца з блізкімі. Проста жахліва, калі спрабуюць вырваць з родных рук бабулі і дзядулі малое дзіця, чые бацькі апынуліся ў турме”, – гаворыцца ў лісце.

“Падобныя дзеянні, пагатоў, калі іх крыніцай ёсць дзяржаўныя органы, нясуць сур’ёзную шкоду Беларусі, бо расколваюць грамадства, разбураюць самыя асновы міру і спакою ў краіне. Упэўнены, што вы, як пастыр, таксама падзяляеце гэтую занепакоенасць, і таму я прашу вас узняць свой голас у абарону справядлівасці і маральнасці, заклікаць улады да вызвалення ўсіх зняволеных паводле палітычных матываў і да спынення ўсялякіх рэпрэсіяў”, – гаворыцца ў звароце.

belsat.eu

Стужка навінаў