110 гадоў беларускай прэсе. «Наша доля» святкуе юбілей


14 верасня 1906 года. Да гэтага дня газеты на беларускай зямлі друкаваліся па-расейску, па-польску, па-габрэйску. А вось беларускай перыёдыкі не было. Але сітуацыя змянілася з выхадам першага нумару газеты «Наша доля». Яе выхад стаўся нечаканасцю для ўсіх.

«Яе размялі ўшчэнт! Гэта сенсацыя была: беларусы выпусцілі газету!», – распавёў гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Выданне не толькі пашырала інфармацыю на роднай мове беларусаў. Вакол газеты гуртавалася нацыянальная інтэлігенцыя. У «Нашай долі» дэбютаваў будучы народны паэт Якуб Колас. Побач з яшчэ не закрытай газетай «Наша доля» пачалі выдаваць «Нашу ніву» У сваёй перадавіцы яна абазначыла задачу: будзіць у Беларусі Чалавека, Грамадзяніна. «Наша ніва» дала дарогу ў літаратуру Янку Купалу, Максіму Багдановічу.

«Газета была той пляцоўкай, з якой беларускае мастацкае слова пайшло ў шырокія масы», – патлумачыў Анатоль Сідарэвіч.

Адзін з кіраўнікоў «Нашай нівы» Антон Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму, імаверна, без першых нацыянальных газет не было б і сучаснай беларускай дзяржавы.

Але не ўсіх мэтаў дасягнулі стваральнікі і паслядоўнікі «Нашай долі». Як і 110 год таму ў краіне працягваецца палітыка русіфікацыі.

«Сёння актуальнае вяртанне нашаму народу гістарычнай памяці, без якой грамадства не будзе паўнавартасным. Гэта будзе атамізаванае грамадства. Нацыянальная ж ідэя не толькі гуртуе соцыум, але і робіць з яго творчую нацыю», – мяркуе Арсень Ліс, доктар філалагічных навук.

Але пакуль рэчаіснасць такая, што дзень, калі выйшла першая беларускамоўная газета, афіцыйна ў Рэспубліцы Беларусь не адзначаецца. Днём друку прызнаная не дата выхаду «Нашай долі», а дзень зʼяўлення ў свет расейскай бальшавіцкай газеты «Правда».

Максім Кот, «Белсат»

Стужка навінаў