11 кастрычніка ў БХМД першым прывезлі юнака з куляй у носе


«Пацярпелых прывозілі да другой гадзіны ночы, не ўсіх разам», – распавяла Belsat лекарка Больніцы хуткай медычнай дапамогі (БХМД) пра вечар нядзельнага пратэсту знутры больніцы.

Першага пацярпелага прывезлі ў больніцу хуткай дапамогі а шостай вечара. У яго ў носе захрасла гумовая куля. Пасля аперацыі хлопец застаўся шпіталізаваны.

Яшчэ да пацярпелых ў больніцу прыехалі міліцыянты ў цывільным: «Спачатку ў больніцу прыехалі вельмі шмат у цывільным. І ў форме таксама былі, і проста ў балаклавах. Тыя, хто ў форме міліцыі, не мелі зброі, але на дзягах у іх віселі дручкі і па тры пярцовых балончыка. Маскі яны завязвалі на патыліцы на вузлы, каб нельга было сарваць. Потым з’явіўся іх кіраўнік у кепцы з чырвона-зялёным сцягам. Калі яны панаехалі, мы западозрылі, што нешта зараз пачне адбывацца».

Затрыманні ў Менску 11 кастрычніка 2020 г.
Фота: BelaPAN / Reuters / Forum

Білі ў аўтазаках і ў РУУСах

Па словах лекаркі, у БХМД за вечар паступіла 17 чалавек. У асноўным пацярпелыя падчас затрымання пачалі паступаць з РУУСаў каля 9-ай вечара: «Ува ўсіх былі чэрапна-мазгавыя траўмы рознай ступені цяжкасці, разбітыя галовы былі ўва ўсіх. Вочы падбітыя, пераломы костак вакол вачэй, насоў. Амаль ува ўсіх былі паламаны рэбры – бачна, што дручкамі білі па баках. Паламаныя рукі, ногі, быў нават адкрыты пералом рукі ў аднаго чалавека».

Лекарка запытала пацыентаў, дзе яны атрымалі свае раны: «Казалі, што білі пры затрыманні, а таксама білі ўжо ў аўтазаках і ў РУУСах».

11 кастрычніка.
Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

Міліцыянты заставаліся ў больніцы да трэцяй гадзіны ночы: «Яны стаялі і глядзелі, што мы будзем рабіць з тымі, хто паступіў – адпускаць ці шпіталізаваць. Некаторых прывозілі міліцыянеры і з’язджалі, а з іншымі сілавікі заставаліся да апошняга. Напэўна, былі ім асабліва цікавыя. Мы намагаліся пакласці ў больніцу ўсіх, нікога ім не аддаць. Двое напісалі адмову ад шпіталізацыі, іх міліцыянеры не чапалі».

Праца пад кантролем сілавікоў

Медыкам выпала працаваць пад асаблівым ціскам. Людзі ў форме і ў штацкім паводзілі сябе па-хамску і намагаліся навязаць лекарам свае парадкі: «Калі я давала спісы пацярпелых валанцёрам, то папрасіла іх зрабіць выгляд, нібы яны чакаюць дапамогі, проста сядзяць у чарзе. Бо сілавікі хадзілі і шукалі ўсіх. Прыязджалі людзі ў камізэльках прэсы, але міліцыянты не далі ім нават зайсці ў больніцу. Вельмі нахабна паводзілі сябе сілавікі, якія прывозілі пацыентаў, нібы яны ўладары сусвету – загадвалі, што нам рабіць, паспяшацца, лезлі ў кабінкі для агляду».

Вельмі шкада было маладога хлопчыка. Ён часам губляў прытомнасць, бо яго моцна ўдарылі па галаве. Я завяла яго ў аглядальную, і ён сказаў, што баіцца, што калі мы яго адпусцім, яны яго забюць. Я супакоіла хлопца, што мы яго шпіталізуем і не аддамо ім».

«Было вельмі шмат сваякоў, людзі шукалі сваіх блізкіх. Калі бачылі, што сілавікі зрабілі з іх роднымі, сварыліся на міліцыянтаў. Адна жанчына страціла прытомнасць, калі даведалася, што стала з яе сынам», – распавяла лекарка.

«Марш гонару» 11 кастрычніка.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Звычайна Следчы камітэт наведвае больніцу і пытае дадзеныя пацыентаў. Але медыкі цяпер памянялі гэты падыход: «Зараз мы патрабуем афіцыйны запыт, паводле якога ў дачыненні да нейкага чалавека ідуць следчы дзеянні. Гэта больш складанасць для сілавікоў, і яны за гэта злуюцца на нас, але з улікам цяперашняй сітуацыі проста так мы інфармацыю пра пацыентаў ім не даем».

«У мяне ўнутры кіпела злосць. Хацелася проста накрычаць на сілавікоў і выгнаць. Але я разумела, што калі я так зраблю, то мяне забяруць і я не змагу дапамагчы пацыентам. Таму прыйшлося трымаць сябе ў руках. Я шкадую, што ў нас не атрымліваецца гэта ўсё хутчэй вырашыць, бо я бачу, што гэтыя нелюдзі робяць з затрыманымі, перажыла жарнавы жнівеньскіх пратэстаў – гэта насамрэч жахліва», – падзялілася сваімі перажываннямі лекарка.

  • Паводле МУС 11 кастрычніка ў Беларусі падчас пратэстаў былі затрыманыя 713 чалавек. Да суду 570 чалавек пакінулі за кратамі.
ВІДЭА
«Сантыметраў 8–10 вышэй – і мне патрапілі б у сэрца». СК два месяцы правярае факт ранення менчука
2020.10.12 12:25

МГ belsat.eu

Стужка навінаў