11 гадоў плаціў за кватэру. Гісторыі муміяў з пяці розных краінаў


Мумія з Музею муміяў у мексіканскім Гуанахуата. Ілюстратыўнае фота: Vision 21Archive . imageBROKER / Forum

У менскай кватэры амаль тры гады праляжала муміфікаванае цела жанчыны. Увесь гэты час на пліце гарэў газ, з крану цякла вада, а ў скрыні ўжо не змяшчаліся рахункі за ЖКГ. Памяшканне ўскрылі, толькі калі ў суседкі знізу пачало капаць са столі. Згодна з паведамленнямі медыяў, такія муміфікаваныя целы людзей знаходзяць ува ўсім свеце кожны месяц. Звычайна працэс муміфікацыі адбываецца ў сухіх памяшканнях з добрай вентыляцыяй, калі працэсы высыхання пераважаюць над працэсамі гніення. Апошняя хвіліна заспявае памерлых у ложку, ваннай, за сталом або на падлозе – звычайна ў самоце. Алё ёсць выключэнні.

Летась пасля смерці жыхара польскага Вроцлава паліцыя знайшла ў ягонай кватэры мумію жанчыны ў шчыльна закручанай тканіне, абсыпаную соллю. Паводле следчых, мужчына мог схаваць факт смерці сваёй маці, каб атрымліваць ейную пенсію. Жанчына, якой на момант знаходкі магло быць 87 гадоў, магла праляжаць у кватэры пяць гадоў, падае «Polsat».

Дзякуючы салёнаму і гарачаму паветру адбылася муміфікацыя цела 59-гадовага нямецкага марака Манфрэда Фрыца Баёрата, якога ў лютым 2016 года ў 100 кіламетрах ад берагоў Філіпінаў знайшлі мясцовыя рыбакі, падае «Daily Mail». Экспертыза паказала, што мужчына памёр ад інфаркту за сем дзён да гэтага.

Мумія Манфрэда Фрыца Баёрата. Фота – паліцыя Філіпінаў

Нябожчык спраўна аплочваў рахункі

11 гадоў праляжала ў кватэры французскага гораду Нант муміфікаванае цела мужчыны, якое паліцыя знайшла ў ліпені 2019 года. Згодна з тэрмінам прыдатнасці харчоў у ягоным халадзільніку, мужчына памёр у 2008 годзе, падае BFM TV. Уладальнік кватэры нічога не падазраваў, бо ўвесь гэты час памерлы працягваў плаціць за арэнду: на ягоным рахунку была ўключаная функцыя цыклічнага плацяжу. Мужчына 1929 года нараджэння жыў адзін і не меў сям’і.

Летась жыхарка Самары распавяла РБК, што цела яе суседа праляжала ў кватэры год. Жыхары пад’езду чулі, што ў кватэры бесперапынна цячэ вада, але паліцыянты, якія прыехалі па выкліку, адмовіліся ўскрываць хату: не было падставаў. Суседзі меркавалі, што мужчына працаваў вахтавым метадам – яго часта не было ўдома – і не білі трывогу. Труп знайшла былая жонка, якая вырашыла наведаць яго на 8 сакавіка – у жанчыны былі ключы ад кватэры.

На пачатку лютага ў кватэры ў цэнтры Масквы знайшлі парэшткі Сяргея Пэльпора, 79-гадовага нашчадка французскага роду маркізаў Лафіт дэ Пэльпор (ягоны продак патрапіў у палон пад Віцебскам падчас расейскай кампаніі Напалеона), падае «Маскоўскі камсамолец». Мужчына праляжаў у кватэры пяць гадоў. Усе гэтыя гады суседзі адчувалі непрыемны пах, але думалі, што так смярдзяць сабакі кансьержкі.

У мужчыны не было жонкі і дзяцей, апошнія дзесяць гадоў ён не камунікаваў са сваякамі. Тыя распавялі, што ў маркіза была манія велічы.

«У ассяроддзі кожнага з нас ёсць нейкі закрыты або дзіўнаваты чалавек, з якім усім неяк нялёгка размаўляць, ды і не надта хочацца. У такога чалавека не заўсёды сярод знаёмых знойдзецца хоць нехта, каму ён будзе цікавы настолькі, каб пераканацца, дзе ён падзеўся, ці жывы ён яшчэ», – распавядаў журналістам «Медузы» адзін са следчых.

Мумія ў чахле ад снаўборду

У 68-гадовай настаўніцы музыкі Валянціны Абрамавай з-пад Тулы ані сяброў, ані сваякоў не было: жанчына праляжала мёртвай у кватэры 13 гадоў. За гэты час жанчыну выпісалі з памяшкання, а калі ў пад’ездзе мянялі трубы, камунікацыі праклалі ў абыход кватэры. Дзверы ўскрылі толькі тады, калі адна з суседак папрасіла гарадскую адміністрацыю прадставіць кватэру, у якой ніхто не жыве, ейнаму брату, у якога згарэла жытло.

«Мумія як мумія. Такая як у фільмах паказваюць пра егіпецкія грабніцы», – распавёў следчы, які прыбыў на месца знаходкі.

Згодна з даследаваннем 2015 года, сярод мужчынаў і жанчын пасля 50 гадоў у шлюбе знаходзіліся толькі 58 %, а 3 % – ніколі ў шлюб не ўступалі. Улады не вядуць статыстыкі людзей, якія паміраюць у самоце, але Следчы камітэт Расеі прызнаецца, што з кожным годам іх становіцца ўсё больш: толькі ў кватэрах Маскоўскага раёну муміфікаваныя целы знаходзяць прынамсі два разы ў месяц, прызнаваўся журналістам прадстаўнік гэтага ведамства.

Знаходзяць муміі не толькі ў кватэрах. Гэтак, у жніўні 2019 года муміфікаванае цела мужчыны знайшлі ў чахле ад снаўборду ў адным з маскоўскіх гаражоў – памерлы мужчына праляжаў у ім чатыры месяцы.

Муміі ў Беларусі

У студзені 2017 года жыхары аднаго са шматпавярховікаў Гомля заявілі аб знаходцы ў пад’ездзе немаўляці – дзяўчынка была жывая, яе стан быў задавальняючы.

Па бірцы на руцэ з радзільні міліцыя вылічылі маці. Калі ў яе пошуках міліцыянты наведаліся ў кватэру ейнага сужыцеля, то знайшлі там іншае немаўля: трохмесячная дзяўчынка ляжала ў ложку, але была цалкам муміфікаваная.

Галава муміі з Музею муміяў у мексіканскім Гуанахуата. Ілюстратыўнае фота: Vision 21Archive . imageBROKER / Forum

Следства ўсталявала, што сужыцель яе маці, імаверны бацька дзяўчынкі, задушыў яе падчас сваркі з партнёркай.

Пасля сваркі дарослыя гэтак і пакінулі цела, а самі пайшлі валацужнічаць.

10 муміяў бяздомнікаў у год

У студзені 2007 года бяздомнікі знайшлі муміфікаванае цела мужчыны ў калодзежы цеплатрасы каля будынку падатковай інспекцыі Ленінскага раёну Менску. Паводле міліцыі, мужчына памёр уласнай смерцю, а ў мумію пераўтварыўся праз гарачыню і сухасць у калодзежы.

У тым жа годзе сантэхнікі знайшлі муміфікаваны труп мужчыны ў сутарэннях шматкватэрнага дома на вуліцы Варанянскага ў Менску. Як выявілася, мужчына быў прапісаны ў кватэры ў Менску, але не жыў там больш за 10 гадоў. На той момант там пражывалі двое ягоных сыноў, падавала «Еўрарадыё». Паводле міліцыі, смерць бяздомніка наступіла ад сардэчнага прыступу.

Hавiны
Мёртвай жанчыне забаранілі выезд за мяжу ды карыстанне аўтам і тэлефонам
2020.02.24 15:32

Як распавялі «Камсамольскай праўдзе» ў Дзяржаўнай службе медычных судовых экспертыз, за год на гарышчах і ў сухіх падвалах сталіцы знаходзяць каля дзесяці муміфікаваных трупаў.

На просьбу «Белсату» падзяліцца актуальнымі лічбамі ведамства параіла звяртацца да праваахоўнікаў. Рэдакцыя ўжо скіравала адпаведныя запыты ў Міністэрства ўнутраных справаў і Следчы камітэт.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў