У Рыгора Кастусёва пацвердзіўся рак


Пра дыягназ лекар Рыгора Кастусёва распавёў дачцэ палітыка Кацярыне, піша «Наша Ніва».

Здароўе ў кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які ўжо сем месяцаў знаходзіцца за кратамі, пагоршылася яшчэ ўвосень – падазрэнні на анкалогію з’явіліся адразу. Акрамя таго, Кастусёў перанёс за кратамі ковід і інфаркт.

Палітыка перавялі з СІЗА КДБ у турэмны шпіталь СІЗА на Валадарскага. Сваякам доўга не казалі пра вынікі біяпсіі. У выніку дачка Рыгора Кацярына прыйшла на размову да доктара сама.

«Я прыйшла да доктара і, хоць і на словах пакуль, але ён мне пацвердзіў дыягназ. У бацькі рак прастаты. Пасля гэтага з аднаго боку стала больш трывожна: вельмі хочацца, каб блізкі чалавек даў хваробе рады. Але цяпер хоць з’явілася нейкая вызначанасць, і з кропкі А можна рухацца ў кропку Б, прымаць нейкія меры», – распавяла Кацярына Кастусёва.

Артыкулы
Кастусёў у СІЗА займеў праблемы з ныркамі, заразіўся каронавірусам
2021.09.21 15:53

Па выніках далейшых абследаванняў будзе прызначанае лячэнне.

Тэрмін утрымання Кастусёву працягнулі на чарговыя два месяцы – да лютага 2022 года. Хадайніцтвы аб змене меры ўтрымання на хатні арышт праз стан здароўя да гэтага ўвесь час заставаліся без задавальнення.

64-гадовы Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка адначасова з юрыстам Юрыем Зянковічам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам. Яны праходзяць падазраваным у крымінальнай справе аб «захопе ўлады» і спробе замаху на Аляксандра Лукашэнку. Кастусёў адмаўляе датычнасць да «замаху».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў