У Гомлі правялі паказальны суд – на паседжанне позвамі выклікалі пакараных раней за пратэсты


Суд Чыгуначнага раёну Гомля правёў разгляд крымінальнай справы за абразу міліцыянта наўпрост у будынку міліцыі. Прысутнічаць на судзе выклікалі позвамі тых, хто раней быў прыцягнуты да адказнасці за ўдзел у пратэстах. Гэта назвалі «прафілактычнай работай», піша «Радыё Свабода».

У Гомлі прайшой паказальны суд наўпрост у РАУСе.
Фота: Гомельские ведомости

Судзілі на паказальным паседжанні Аляксандра Юранава, інваліда трэцяй групы. Падставай для крымінальнай справы паводле арт.369 КК РБ («Абраза службовай асобы») стаў каментар у «Аднакласніках» пад здымкам міліцыянта, які нібыта пакінуў Юранаў.

На судзе гамяльчук прысутнічаў у перадінсультным стане, адмовіўся ад шпіталізацыі, каб удзельнічаць у разглядзе справы.

Пацярпелы – міліцыянт з Віцебску Войніч. Ён запатрабаваў сплаціць яму кампенсацыю «маральнай шкоды» у памеры 1500 рублёў.

Суд у будынку Чыгуначнага РАУСу праходзіў па хадайніцтве пракурора Яўгена Фартушняка. Суддзя Віталь Шаршнёў пагадзіўся на паказальнае паседжанне нягледзячы на пратэст абвінавачанага і ягонай адвакаткі.

У Гомлі прайшой паказальны суд наўпрост у РАУСе.
Фота: Гомельские ведомости

Аляксандра Юранава пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» і абавязалі сплаціць міліцыянту 1500 рублёў.

На выязное паседжанне выклікалі тых, хто раней прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

«Мне патэлефанавалі са схаванага нумару і сказалі, што неабходна прыйсці на прафілактычнае мерапрыемства. Патлумачылі, што клічуць тых, хто прыцягваўся паводле арт.23.34 былой версіі КаАП. Што за мерапрыемства – не сказалі. Маўляў, прыйдзеце і даведаецеся. Я запытаўся, ці дабравольны ўдзел – пасля паўзы мне адказалі, што так. Тады я адказаў, што не прыйду», – перадае аповед гамельчука мясцовае выданне «Флагшток».

На судзе таксама прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай прэсы і здымалі паседжанне нягледзячы на нязгоду прысутных.

7 снежня ў Гомлі прайшоў яшчэ адзін паказальны суд – у будынку ўніверсітэту МІТСО. Суд Савецкага раёну разглядаў справу супраць 47-гадовага дальнабойшчыка Андрэя Дзямідава, якога таксама абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады. На паседжанне паклікалі студэнтаў.

Выязное судовае паседжанне прайшло ў гомельскімі філіяле ўніверсітэту МІТСО.
Фота: Флагшток

Гомельскага дальнабойшчыка на гэтым выязным паседжанні суддзя Аляксандр Мохараў пакараў трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Таксама раней выязны суд праходзіў у МІТСО ў Менску. Там заяўлялі, што паседжанне ва ўніверсітэце арганізавала кафедра крымінальна-прававых дысцыплінаў адмыслова для студэнтаў юрыдычнага факультэту, каб яны «змаглі азнаёміцца з парадкам правядзення і стадыямі судовага разбіральніцтва». Універсітэт МІТСО быў заснаваны праўладнай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў