Што самае небяспечнае чакае Беларусь у найбліжэйшай будучыні?


Што самае небяспечнае нас чакае ў найбліжэйшай будучыні? Падзенне эканомікі? Забарона на выезд з краіны? Захоп краіны Расеяй? Масавыя турэмныя тэрміны? Гады супрацьстаяння?

Усё гэта можа быць, але гэта не «канец гульні». Лукашэнка не вечны. Пуцін не вечны. Мы ўбачым, як яны страцяць уладу, і людзі выйдуць з турмаў.

Картэж Аляксандра Лукашэнкі у цэнтры Менску. Сакавік 2020 года.
Фота: Белсат

І тут нас чакае самая вялікая небяспека на шляху да пабудовы вольнай дзяржавы. З’явяцца тысячы людзей, якія будуць крычаць, прасіць, маліць «перагарнуць старонку».

Будуць распавядаць пра тое, як «шкодная» і «бескарысная» люстрацыя, пра тое, што трэба захаваць «каманды прафесіяналаў», што нельга «расколваць» грамадства, што «немагчыма пабудаваць дэмакратыю на помсты», што «нельга зрынуць краіну ў хаос», што масавыя звальненні службовых злачынцаў паставяць краіну «на мяжу катастрофы», што ў іх «не было выбару» і яны «добрасумленна памыляліся».

І вось гэта і ёсць самая вялікая небяспека, якая пагражае Беларусі.

Лукашэнка не адзін.

У яго тысячы і дзясяткі тысяч саўдзельнікаў. Якія даносілі, фальсіфікавалі, хлусілі ў судах, падраблялі пратаколы, звальнялі «за палітыку». У іх ёсць сябры, знаёмыя, прыяцелі, бізнэсы, піяр-службы і агенты ўплыву. Ёсць такія людзі і ў дэмакратычных сілах. Папросту цяпер яны тактоўна маўчаць, але мы іх абавязкова пачуем.

Меркаванні
Санкцыі супраць Менску або суверэнітэт краіны? Што сапраўды пагражае беларускай незалежнасці
2021.12.09 15:05

Калі мы махнем на іх рукой, калі дазволім сабе забыцца ў пераможнай эйфарыі, калі лагодна вырашым «даць ім яшчэ адзін шанец», калі спалохаемся, што «без іх мы не дамо рады», тады мы сапраўды надоўга прайграем краіну. Не будзе ніякай «новай Беларусі». Будзе СССР 2.0. Лукашызм з чалавечым абліччам.

Не будзе катаванняў, але не будзе і нармальных судоў. Не будзе захопаў закладнікаў – але не будзе і вартай паліцыі. Не будзе разгрому бізнэсаў, але не будзе і эканамічных рэформаў. Замест рыўка эканомікі наперад будзе яшчэ адна хваля эміграцыі, пасля расчаравання.

Будзе так сабе. Будзе яшчэ адна ўсходнееўрапейская «бананавая» рэспубліка, з пафаснай сталіцай і жабрацкай глыбінкай, з насельніцтвам, якое павольна співаецца і раз’язджаецца, якая жыве за кошт транзіту і грашовых пераводаў з-за мяжы.

Затрыманне Сцяпана Латыпава.
Фота: Tut.by

Справядлівасць мае два бакі. Пакараць невінаватага – гэта злачынства супраць ахвяры. Пакінуць без пакарання вінаватага – гэта злачынства супраць грамадства. Пакінуўшы вінаватых без пакарання – мы атрымаем грамадства, якое будзе дэградаваць.

Да службовых злачынцаў павінен быць ужыты крымінальны закон.

А да тых, хто працаваў у сілавых структурах, судах, выбарчых камісіях, дзяржаўных структурах, хто займаў пасады, якія немагчыма было займаць, не дэманструючы лаяльнасць выродлівым спосабам, але чые дзеянні не дацягваюць па цяжкасці да складу крымінальнага кодэксу? Люстрацыя. Забарона на заняцце любых пасадаў на дзяржаўнай службе.

Лукашызм вырас з НЕЛЮСТРАВАНАГА камунізму. З не забароненай камуністычнай партыі. З нязвольненых з воўчым білетам наменклатурных кар’ерыстаў і чырвоных дырэктараў. З нязнішчанага КДБ. З нераскрытых архіваў.

Мы не справіліся з праблемай 30 гадоў таму, і яна напаткала нас праз пакаленне. Калі мы дазволім гэтаму паўтарыцца, мы скрадзем будучыню ў нашых дзяцей.

Меркаванні
Навошта браць удзел у рэферэндуме? Галасоў не лічаць, у камісіі назіральнікаў не пусцяць
2021.12.02 14:46

Юрыст Міхаіл Кірылюк для belsat.eu

Стужка навінаў