Рэпрэсіі, аўстралійскі закон і забарона на вываз пшаніцы. Галоўнае за 11 снежня


Belsat.eu падводзіць вынікі суботы, 11 снежня.

11 снежня стала вядома, што галоўнага бізнес-аналітыка кампаніі ЕРАМ Дзяніса Насуры арыштавалі на 13 содняў. У «пакаяльным» відэа, выкладзеным групоўкай ГУБАЗіК, ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, а таксама быў падпісаны на шэраг тэлеграм-каналаў, якія крытыкуюць рэжым Лукашэнкі.

Hавiны
ГУБАЗіК зладзіў паляванне на прадстаўнікоў буйных кампаніяў
2021.12.11 16:14

Дадатковыя 15 содняў арышту атрымаў актывіст з Салігорску Павел Батуеў, затрыманы 23 лістапада. Не выйшаў на волю пасля 30 содняў арышту і менскі інжынер Анатоль Шалковіч, які стварыў мэм пра любоў да памідораў са смятанай. На якой падставе яго пакінулі за кратамі – невядома.

Палітвязню, дырэктару гарадзенскай уэб-студыі «Іквадарт» Глебу Койпішу прысудзілі 2 гады «хіміі» паводле арт. 342 («Арганізацыя альбо актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») КК. А ў арт-дырэктара менскага клубу «Бруге» Сяргея Палажанкі адбыўся ператрус у рамках крымінальнай справы аб «масавых закалотах» (ягоны статус – сведка).

У палітвязня, старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва пацвердзіўся рак. Палітык знаходзіцца за кратамі з красавіка. Праз пагаршэнне стану здароўя з СІЗА КДБ Кастусёва перавялі ў турэмны шпіталь СІЗА на Валадарскага.

У Менску ад інфаркту памёр шматгадовы карэспандэнт Польскага радыё ў Беларусі і Расеі Уладзімер Пац. Яму было 54 гады.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка паведаміў, што ў Аўстраліі прыняты закон «Аб тэматычных санкцыяў», які можа стаць падставай для ўвядзення абмежаванняў супраць рэжыму Лукашэнкі. НАУ і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Аўстраліі ўжо стварылі працоўную групу і распачалі сумесную дзейнасць па распрацоўцы санкцыйных спісаў, падрыхтоўцы неабходных доказаў і адпаведных аналітычных запісак для аўстралійскіх уладаў.

Урад Беларусі ўвёў часовую забарону на вываз з Беларусі мукі з мяккай пшаніцы і спельты. Сёлета ўлетку ўрад ужо абмяжоўваў вываз пшанічнай мукі за мяжу, але ў лістападзе абмежаванне скасавалі. Цяпер забарону аднавілі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў